Алег Гайдукевіч: Прапанова аб зменах у Канстытуцыю задаволіць і апазіцыю
Адзін з лідараў Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч 23 лістапада ў жывым эфіры Еўрарадыё пракаментаваў партыйную ініцыятыву пра змены ў Канстытуцыю Беларусі. ЛДП прапануе ў 2018 годзе правесці адначасова з мясцовымі выбарамі рэферэндум, на які вынясуць пытанні аб павелічэнні тэрміну прэзідэнцтва з 5 да 7 гадоў, а тэрміны дэпутатаў усіх узроўняў — з 4 да 5 гадоў, а таксама пераход на прапарцыйна-мажарытарную сістэму (на партыйныя спісы падчас выбараў дэпутатаў).
Гайдукевіч адзначыў, што прапанова яго партыі — гэта "не піяр-акцыя, а сур'ёзнае пытанне". Яе ўжо падтрымлівае шэраг дэпутатаў і сенатараў. ЛДП хоча, каб ідэя знайшла падтрымку "ва ўсіх", каб яе падтрымала і кіраўніцтва краіны, той жа Аляксандр Лукашэнка. Алег Гайдукевіч перакананы, што ініцыятыва выгадная і апазіцыі. "Вы хочаце рэальна ўплываць на палітыку, а не збіраць 20 чалавек на вуліцы?", — звярнуўся палітык да апазіцыйных сілаў.
Паводле слоў Гайдукевіча, першая рэакцыя на ініцыятыву яго партыі — "усе хочуць партыйных спісаў". Яны могуць стаць "стымулам для развіцця палітычных партый" у Беларусі, "кардынальна зменяць краіну". Ён перакананы, што развівацца будзе не толькі партыя ўлады, але і іншыя партыі, а апазіцыя з'явіцца і ў абласных саветах. І гэта задаволіць той жа Еўрасаюз, кажа Гайдукевіч.
У выпадку, калі з прапановаў на рэферэндум вынясуць толькі пытанне аб працягненні тэрміну прэзідэнцтва, то з такім варыянтам палітык кардынальна не згодны.