З-за ініцыятывы ЛДП выбары прэзідэнта могуць быць не ў 2020, а ў 2025 годзе

З-за ініцыятывы ЛДП выбары прэзідэнта могуць быць не ў 2020, а ў 2025 годзе

Прапанова Ліберальна-дэмакратычнай партыі правесці ў Беларусі ў 2018 годзе рэферэндум па зменах у Канстытуцыю Беларусі не больш, чым палітычная заява. Бо дамагчыся прызначэння рэферэндуму вельмі складана, кажа старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Ярмошына: “Неабходна стварыць ініцыятыўную групу, зарэгістраваць і сабраць неабходную колькасць подпісаў. Подпісаў неабходна не менш, як ад 450 тысяч грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам. У тым ліку — не менш 30 тысяч грамадзян ад кожнай з абласцей і горада Мінска”.

Сабраныя подпісы накіроўваюцца кіраўніку краіны і ён прымае рашэнне, ці трэба праводзіць рэферэндум па агучаных пытаннях. Цікава, што ЛДП прапаноўвае вынесці на рэферэндум пытанне, якое наўпрост закранае і кіраўніка краіны: разам з прапановай перайсці на выбары дэпутатаў па прапарцыйна-мажарытарнай сістэме і павялічыць іх паўнамоцтвы з 4 да 5 гадоў прапаноўваецца павялічыць тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў з 5 да 7 гадоў.

Ліберальна-дэмакратычная партыя мае аднаго свайго дэпутата ў Палаце прадстаўнікоў і аднаго — у Савеце Рэспублікі. Але, кажа Ярмошына, каб прапанова аб правядзенні рэферэндуму “была сфармуляваная Палатай прадстаўнікоў”, яе павінны падтрымаць усе дэпутаты.

У тым выпадку, калі ініцыятыва ЛДП здзейсніцца, то наступныя прэзідэнцкія выбары ў нас могуць прайсці не ў 2020-м, а, да прыкладу, у 2025 годзе. Па словах Ярмошынай, усё будзе залежыць ад таго, што запішуць у палажэнні аб прыняцці гэтых нормаў. Напрыклад, пасля рэферэндуму 1996 года тэрмін паўнамоцтваў парламента і прэзідэнта пачаўся "з нуля" — з моманту прыняцця Канстытуцыі на рэферэндуме. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі