Алімпійскія Гульні ў Токіа могуць адмяніць
За сто дзён да Алімпіяды ў Токіа падсвяцілі мост / Reuters
У Японіі не выключаюць адмену Алімпійскіх гульняў, якія павінны прайсці ў Токіа гэтым летам. Правядзенне гульняў стане складанай справай, калі сітуацыя з захворваннем на COVID-19 будзе пагаршацца, перадае агенцтва "РИА Новости" са спасылкай на генеральнага сакратара кіруючай у Японіі Ліберальна-дэмакратычнай партыі Тасіхіра Ніка.
"Калі будзе сказана, што правядзенне Гульняў з'яўляецца практычна немагчымым, то нічога не застанецца зрабіць, акрамя як адмовіцца ад гэтага", — сказаў Ніка.
Пры гэтым, падкрэсліў ён, Алімпіяда вельмі важная для Японіі, і ў Токіо безумоўна вельмі хацелі б, "каб усё атрымалася". Таму ён прапанаваў вырашаць усе пытанні паступова.
Нагадаем, XXXII летнія Алімпійскія Гульні павінны былі прайсці ў мінулым годзе, але былі адкладзеныя на год з-за пандэміі.
Мяркуецца, што Алімпіяда ў Токіа пройдзе з 23 ліпеня па 8 жніўня. Яна павінна стаць самай маштабнай па ліку відаў спорту (33) і катэгорыям (339). Пры гэтым колькасць спартсменаў з-за COVID-19 будзе скарочана. Замежных заўзятараў на гэтых гульнях наогул не будзе. Пад пытаннем і прысутнасць на трыбунах японскіх гледачоў — калі эпідэміялагічная сітуацыя не палепшыцца, на стадыёны і ў залы іх таксама не пусцяць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.