Аляксандр Хацкевіч хоча атрымаць кампенсацыю ад Беларускай федэрацыі футбола
Былы галоўны трэнер футбольнай зборнай Беларусі Аляксандр Хацкевіч хоча атрымаць кампенсацыю ад Беларускай федэрацыі футбола. Яго агент Вадзім Шаблій у інтэрв'ю by.tribuna.com кажа, што БФФ не мела права датэрмінова разрываць кантракт з Хацкевічам.
Як вядома, пасля няўдалага старту зборнай Беларусі ў адборы чэмпіянату свету ў пачатку снежня 2016 года федэрацыя футбола прапанавала Хацкевічу пагаршэнне ўмоваў кантракту (ён быў разлічаны да лістапада 2017-га). Трэнер з паніжэннем заробку не пагадзіўся і быў адпраўлены ў адстаўку.
"Лічу, федэрацыя магла прапанаваць наступны кантракт на меншых умовах, — кажа Вадзім Шаблій. — Думаю, можна было ўсё спакойна вырашыць. А так у сярэдзіне сезону ставяць перад фактам: давай, паніжай! І пасля таго, як Хацкевіч адмовіўся, АБФФ скасоўвае пагадненне. Па-першае, гэта неяк не па-чалавечы. А па-другое, па ўмовах кантракту федэрацыя не магла гэтага рабіць. Ніякіх падобных пунктаў у дакуменце не было".