Амерыканская кампанія ў абыход санкцый ЗША абараняе сайт АНТ ад хакераў
АНТ / ont.by
Амерыканская кампанія "Cloudflare" у абыход санкцый ЗША прадастаўляе сэрвісы "Content Delivery Network" і абароны ад DDoS-нападаў сайту тэлеканала АНТ. Гэта лёгка пацвердзіць, праверыўшы запісы DNS для ont.by: трафік ідзе праз Cloudflare. Таксама Cloudflare выдала сертыфікат сайта АНТ.
Бягучыя санкцыі ЗША супраць Беларусі забараняюць прадастаўленне сэрвісаў любой кампаніі, наўпрост ці ўскосна кантраляванай асобамі, якія падпадаюць пад санкцыі. У "чорным спісе" зараз знаходзяцца 17 грамадзян Беларусі, уключаючы Аляксандра Лукашэнку.
Згодна з формай уласнасці, АНТ — закрытае акцыянернае таварыства "Другі нацыянальны канал". Аднак гэта ЗАТ створана у адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі (ад 15 лютага 2002 года). Фармальна старшыню праўлення ЗАТ "Другі нацыянальны канал" зацвярджае сход акцыянераў. Аднак гэта адбываецца пасля таго, як кандыдатуру топ-мэнэджара прапаноўвае Лукашэнка.
У артыкуле "Вікіпедыі" пра АНТ сказана, што ўладальнікам кантрольнага пакета акцый тэлеканала з'яўляецца Міністэрства інфармацыі Беларусі (51%). Мінарытарыі — " Беларусбанк "(29%) і ТАА "Фабрыка інфармацыйных тэхналогій " (20%).
Па тлумачэнне Еўрарадыё звярнулася ў Cloudflare. Вось адказ, які мы атрымалі:
— Cloudflare абавязаная выконваць усе юрыдычныя абавязацельствы, у тым ліку, правілы, якія забараняюць весці справы з асобамі, якія падпадаюць пад санкцыі. Мы лічым, што выконваем іх. Калі мы атрымліваем сцвярджэнні аб тым, што карыстальнікі нашых паслуг з'яўляюцца аб'ектамі санкцый, то расследуем гэтыя заявы. А таксама пры неабходнасці прыцягваем спецыялізаваных юрыстаў для забеспячэння пастаяннага выканання патрабаванняў.
Cloudflare — амерыканская кампанія, якая прадастаўляе сэрвісы па абслугоўванні і забеспячэнні бяспекі вэб-сайтаў па ўсім свеце. Яны працуюць як зваротны проксі для многіх сайтаў па ўсім свеце.
Раней у парушэнні санкцый ЗША ў дачыненні да Беларусі абвінавацілі яшчэ адну амерыканскую кампанію — "Sandvine". Перад прэзідэнцкімі выбарамі яна паставіла ў Беларусь тэхналогіі для блакавання сайтаў і мэсэнджараў. У дзень выбараў і пасля яго гэта дазволіла ўладам абмежаваць доступ да непажаданых інфармацыйных рэсурсаў.
Першапачаткова Sandvine заяўляла, што лічыць здзелку з Беларуссю этычнай. Аднак у пачатку гэтага тыдня менеджмент кампаніі памяняў сваё меркаванне і адмяніў яе.
Цяпер кампанія лічыць, што афіцыйны Мінск парушыў ліцэнзійнае пагадненне. У ім ёсць пункт аб тым, што прадукты кампаніі нельга выкарыстоўваць, калі гэта можа прывесці да парушэння правоў чалавека.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.