Анатоль Тозік налічыў сярэдні заробак у Беларусі ў 1200 долараў
Фінансавы эканаміст Вадзім Іосуб пагаджаецца, што намінальныя заробкі ў розных краінах параўноўваць няма сэнсу.
Выступаючы ў Нацыянальным сходзе 20 снежня віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік заявіў, што сёлетні сярэдні заробак у краіне па парытэце пакупной здольнасці перавысіў 1200 долараў. Нагадаем, што ў абсалютных лічбах заробак складае каля 480 долараў.
Трайны рост чыноўнік патлумачыў тым, што заробкі палічаныя паводле методыкі міжнародных супастаўленняў. Тозік адзначыў, што пры параўнанні заробкаў у розных краінах варта не забывацца, што кошты на тавары і паслугі таксама розняцца.
Аналітык афіцыйнага партнёра "Альпары" у Мінску Вадзім Іосуб у каментары Еўрарадыё падтрымаў прынцып, на які спаслаўся віцэ-прэм'ер:
Іосуб: "Не вельмі ясная лічба — 1200 долараў. Якой методыкай яна атрыманая? І саму гэтую лічбу можна абмяркоўваць. Але агульная ідэя мае сэнс. Параўноўваць проста намінальныя заробкі, то бок казаць, што сярэдні заробак у Беларусі, напрыклад, 500 долараў, а ў Еўропе 2000 долараў, не вельмі карэктна. Бо сапраўды існуюць розныя цэны".
Па словах эксперта, шмат якія цэны ў Беларусі сапраўды ніжэйшыя за сусветныя. Праўда, ацэньваць заробкі Іосуб рэкамендуе па канкрэтным спажывецкім кошыку і з канкрэтнай краінай.
Фота — bymedia.net