Андрэй Савіных: візавае пагадненне з ЕС ратыфікуем 2-3 красавіка
Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС беларуская Палата прадстаўнікоў ратыфікуе 2-3 красавіка. Пра гэта заявіў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных напярэдадні веснавой сесіі беларускага парламента.
"Сёння прайшло пасяджэнне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах. Камісія разгледзела ход ратыфікацыі гэтага пагаднення, заслухала прадстаўніка МЗС, задала неабходныя пытанні і прыняла рашэнне аб мэтазгоднасці ратыфікацыі гэтага пагаднення. І дала рэкамендацыі па ратыфікацыі пагаднення на вясновай сесіі.
Наступны крок — зацвярджэнне саветам палаты і вынас на ратыфікацыю. Без усякага сумневу ўжо цяпер можна сказаць, што ратыфікацыя будзе ажыццяўляцца ў прыярытэтным парадку і, хутчэй за ўсё, гэта будзе другога, ну максімум трэцяга красавіка", — расказаў Еўрарадыё дэпутат.
Каб дакумент пачаў дзейнічаць, патрэбна таксама ратыфікацыя з боку Еўрапарламента. Паводле слоў дэпутата, пытанне ратыфікацыі — працэс паралельны. Чакаецца, што пагадненне пачне дзейнічаць ужо з 1 чэрвеня:
"Пасля таго як наш парламент ратыфікуе пагадненне, МЗС накіруе ноту аб ратыфікацыі. Пасля чаго пагадненне павінна ўступіць у сілу першага чысла другога месяца, гэта значыць 1 чэрвеня. Мы вядзём справу менавіта да гэтага", — растлумачыў Андрэй Савіных.
Калі пагадненне набудзе моц, беларусы змогуць плаціць за шэнгенскія візы па 35 еўра. Цяпер кошт шэнгенскай візы для грамадзян нашай краіны — 80 еўра.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.