Ангела Меркель прыехала ў Варшаву размаўляць “сам-насам” з польскім прэзідэнтам

Ангела Меркель прыехала ў Варшаву размаўляць “сам-насам” з польскім прэзідэнтам

У аўторак у другой палове дня Ангела Меркель наведвае з афіцыйным візітам Варшаву. Вядома, што там нямецкая канцлерка сустрэнецца з прэзідэнтам Польшчы Анжэем Дудам, прэм’ер-міністрам Біятай Шыдла, лідарам кіруючай партыі "Права і справядлівасць" Яраславам Качынскім, а таксама кіраўнікамі найбуйнейшых апазіцыйных партый. Акрамя таго, Ангела Меркель плануе сустрэцца з прадстаўнікамі нямецкай меншасці ў Польшчы.

Сакратар канцылярыі прэзідэнта Польшчы Кшыштаф Шчэрскі ў эфіры Польскага радыё заявіў, што важным момантам перамоваў стане тое, што сустрэча Ангелы Меркель і Анджэя Дуды пройдзе без перакладчыкаў. Такі фармат сустрэчы “сам на-сам” прапанаваў менавіта нямецкі бок.

Паведамляецца, што палітыкі абмяркуюць польска-нямецкія стасункі, аднак галоўнымі тэмамі перамоваў будуць супрацоўніцтва краін у межах НАТА і бяспека Еўропы ва ўмовах міграцыйнага крызісу.

Па інфармацыі СМІ, канцлерка Германіі плануе абмеркаваць з кіраўніцтвам Польшчы пераабранне на другі тэрмін польскага палітыка Дональда Туска, які ачольвае Еўрапейскі савет. Пры гэтым варта адзначыць, што Туск паходзіць з партыі “Грамадзянская платформа”, якая знаходзіцца ў апазіцыі да дзеючай улады.

У сваю чаргу, кіраўніцтва Польшчы паспрабуе заручыцца падтрымкай Меркель у перамовах з Бруселем. Як вядома, Еўракамісія мае шэраг прэтэнзій да Польшчы з-за рэформы судовай сістэмы ў гэтай краіне. У Бруселі лічаць, што польскі Сейм істотна абмежаваў паўнамоцтвы Канстытуцыйнага суда і тым самым парушыў сістэму вяршэнства права.

Дарэчы, апошні раз Ангела Меркель наведвала з афіцыйным візітам Варшаву у жніўні мінула года. Але той прыезд нямецкай канцлеркі быў звязаны з перамовамі ў межах Вышаградскай групы. На сустрэчы з Меркель, акрамя прэм’ера Польшчы, прысутнічалі лідары Венгрыі, Чэхіі і Славакіі. Аднак тады, нягледзячы на працяглыя дэбаты, бакі так і не змаглі прыйсці да паразумення ў тым, як пераадолець міграцыйны крызіс у ЕС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі