Антон Крывуля і "Солнцецветы". "Когда я проснусь"


Антон Крывуля канчаткова перабраўся пад шыльду "Солнцецветы" і выпусціў міні-альбом "Когда я проснусь". Альбом гэтым разам — з незвычайнымі гітарамі і ў гаражным, характэрным у прынцыпе для Крывулі і "Солнцецветов", гучанні. Чарговая цукерка для эстэтаў і аматараў элітарнага мастацтва.


На іпішцы 5 песень. Яе адкрывае бадзёрае "прывітанне" з 90-х — "Жёлтый, как апельсин" гурта "Король пчёл", які Крывуля лічыць "самай крутой мінскай камандай усіх часоў". Песня дыхае парамі апошніх пласцінак праекта "Мох" "Плашка" і "5". Аднак гэта ўсё толькі бачнасць і мілы падман.


Паступова фарбы тухнуць, гітары цішэюць, прымочкі выключаюцца і Крывуля ператвараецца ў самага пяшчотнага выканаўцу на свеце. "Самалёт" музыкі мусіць паляцець туды, дзе ёсць адказы на вечныя пытанні "дзе я?" і "хто я?".


А потым гучыць блюз! Той самы, што Крывуля заўсёды хацеў граць, і нібыта надышоў час гэтаму здарыцца. "Когда я проснусь", я зразумею, што заўсёды быў дома!


"Солнцецветы" па-ранейшаму гуляюць з формай. Аднак гэтым разам яна імкнецца наблізіцца да пэўнай завершанасці. Адпаведна, тэксты песень робяцца даступнымі і менш абстрактнымі. Крывуля не пакідае сваёй актуальнай хады і, безумоўна, смяецца над раптоўна ўзнікшай сур'ёзнасцю.


Гэта пласцінка, дух якой нагадвае раннія альбомы Black Keys. Чакаем блюзу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі