Апалчэнцам у Беларусі дазволяць праводзіць затрыманні і ўжываць зброю
Аляксандр Вальфовіч і байцы народнага апалчэння / прэс-служба Мінабароны
Стала вядома, якімі правамі плануецца надзяліць прадстаўнікоў апалчэння. Праект закона "Аб народным апалчэнні" апублікаваны ў банку даных законапраектаў на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. У Палату прадстаўнікоў ён унесены Саветам міністраў.
Асноўнай задачай апалчэння называецца садзейнічанне мясцовай міліцыі пры забеспячэнні ваеннага становішча, абароне ўласнасці ад злачынных ды іншых супрацьпраўных замахаў.
Добраахвотнікі ў атрадах апалчэння атрымаюць наступныя правы:
ужываць фізічную сілу, выкарыстоўваць зброю;
праводзіць затрыманне асоб, якія ўчынілі злачынства або адміністрацыйнае правапарушэнне, для перадачы міліцыі;
дапамагаць тэрытарыяльным органам унутраных спраў, у тым ліку пры затрыманні і даглядзе транспартных сродкаў, праверцы дакументаў, аглядзе памяшканняў.
Пра стварэнне "народнага апалчэння" беларускія ўлады загаварылі ў 2022 годзе. Агучваліся амбіцыйныя планы пра колькасць у 100-150 тысяч чалавек. Праўда, дагэтуль створаныя толькі некалькі такіх атрадаў "у парадку эксперыменту". Пры гэтым у Мінабароны кажуць, што самастойна запісацца ў апалчэнцы пакуль што нельга — няма адпаведнага закона.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.