Аплаціць электраэнергію без пені можна будзе таксама да 5 красавіка
Тэрміны аплаты за электраэнергію працягнулі разам з іншымі камунальнымі паслугамі да 5 красавіка, нягледзячы на тое, што тарыфы на электрычнасць пераглядацца не будуць.
“Можаце аплачваць, як і раней да 25-га чысла, — кажуць ва ўпраўленні справамі Мінскэнерга. — А можаце і пазней. Тэрміны аплаты працягнулі да 5 красавіка разам з іншымі паслугамі”.
Днямі міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў заявіў, што жыроўкі за люты павінны прыйсці беларусам да 25 сакавіка. Іх можна будзе аплаціць без штрафаў і пені да 5 красавіка. Але электраэнергія не ўваходзіць у квітанцыю па аплаце камунальных паслуг і аплачваецца заўсёды асобна.
Нагадаем, 14 сакавіка Аляксандр Лукашэнка пазнаёміўся з праектам указу па новых тарыфах на ЖКП. Кіраўнік краіны яго ўхваліў, але подпісу пакуль не паставіў. Праз гэта жыроўкі за люты беларусы дагэтуль не атрымалі. Па словах міністра ЖКГ, новыя жыроўкі стануць больш зразумелымі: на першым баку будуць пазначаныя асноўныя сумы камунальных плацяжоў, на другім — дынаміка тарыфаў і г.д. Да таго ж па ўсіх тарыфах за студзень 2016 года, якія ўжываліся няправільна, будуць зроблены пераразлікі. Яны будуць адзначаныя ў новых жыроўках.