Апублікаваны дакумент пра перамовы савецкіх і польскіх партызан у 1943 годзе
Апублікаваны невядомы дакумент пра перамовы савецкіх і польскіх партызан у снежні 1943 года ў вёсцы Багданавічы пад Слонімам. Савецкі бок прадстаўляў памочнік начальніка штаба брыгады імя Панамарэнкі лейтэнант Рыгін, польскі — паручнік Войцех Корчыц (магчыма, сваяк савецкага генерала Уладзіслава Корчыца). Сустрэча адбылася ўжо пасля таго, як у розных раёнах Заходняй Беларусі савецкія партызаны раззброілі шэраг польскіх партызанскіх атрадаў і груп, а частку іх удзельнікаў расстралялі.
Лейтэнанта Рыгіна цікавіла, ці будуць палякі змагацца з немцамі і як яны адносяцца да савецкіх партызанаў. Корчыц ухіляўся ад прамых адказаў, падкрэсліваў гатоўнасць выступіць супраць акупантаў, адзначаў страты польскага падполля ў выніку рэпрэсій. Таксама ён гаварыў пра "дзёрзкія выхадкі" асобных савецкіх партызан-"садзістаў" у дачыненні польскага насельніцтва. Дакумент пра сустрэчу савецкіх і польскіх партызан апублікавала краязнаўчае выданне "Слонімскі край".
Вядома, што Войцех Корчыц ў 1944-1945 гадах удзельнічаў у антысавецкім партызанскім руху, быў арыштаваны.