Arcade Fire прадстаўляюць сінгл “Afterlife” з будучага альбома (слухаць)
Песня і відэа да яе, як і ўся будучая пласцінка, прасякнутыя матывамі міфа пра Арфея і Эўрыдыку.
Канадскі гурт Arcade Fire прадставіў другі сінгл з новага альбома “Reflektor”.
Песню “Afterlife” суправаджае кліп, змантаваны з фільма Марсэля Камю “Чорны Арфей”. У гэтай французскай стужцы падзеі міфа пра Арфея адбываліся ў атмасферы карнавала ў Рыа-дэ-Жанейра.
Вокладка пласцінкі аздобленая выявай скульптуры Радэна “Арфей і Эўрыдыка”. Акрамя таго, абодва гэтыя міфалагічныя персанажы згадваюцца ў назвах песень з альбома: “Awful Sound (Oh Eurydice)” і “It's Never Over (Oh Orpheus)”.
Перад тым як кліп з'явіўся ў Сеціве, Arcade Fire прэзентавалі песню на BBC Radio 1. Лідар каманды Він Батлер распавёў у эфіры, што асновай для трэка сталі рытмы гаіцянскай перкусіі, якія музыкі пачулі падчас тура ў падтрымку свайго мінулага альбома. Тым часам многія адзначаюць, у песні адчуваецца рука прадзюсара Джэймі Мэрфі, заснавальніка постпанк-дыска-гурта LCD Soundsystem.
Чацвёрты альбом Arcade Fire “Reflektor” убачыць свет 28 кастрычніка гэтага года. Двайная кружэлка будзе складацца з 13 песень.
Фота: billboard.com