Arcade Fire “Reflektor”
Калі твой альбом атрымлівае Grammy, заўжды незразумела, куды рухацца далей.
Arcade Fire пасля шалёнага поспеху “The Suburbs” вырашылі не шукаць лёгкіх шляхоў. Рэджын Шасан узяла ў ахапак Уіна Батлера і павезла ў сваю родную Богам забытую краіну — на Гаіці. “Гэта быў пачатак вялікіх змен у маім уяўленні пра свет”, — прызнаўся пазней Уін.
Не, Arcade Fire не пачалі граць rara music. Але там, у самай беднай краіне Амерыкі, музыкі натхніліся на альбом пра бяздзеянне і абыякавасць, якія ахапілі наша бліскучае стагоддзе. Гэтым альбомам стаў “Reflektor”. Складаныя і нязручныя рэфлексіі, падмацаваныя “партызанскім” маркетынгам (графіці з упісанай у ромб назвай альбома з’явіліся ў шматлікіх гарадах свету) нечакана сталі паўнавартасным камерцыйным прадуктам.
Arcade Fire на “Рэфлектары” засталіся маленькім дзіўнаватым аркестрам. Яны не адмовіліся ні ад гітар, ні ад скрыпачкі з альтам, ні ад экзатычных ксіла- і металафона, званочкаў і валторны. Чаго вартая адна толькі колавая ліра, якая мае смешную англійскую назву hurdy-gurdy! Але медытатыўнай пустаты і самоты "на фоне" у іх музыцы паболела. “Reflektor” — сапраўдная знаходка для аматараў глыбокага рэха, паранаідальных шорахаў, і шумоў касмічнага паходжання.
Ролю шкілета ў большасці песень выконвае бас-гітара — магутная зброя, умелае выкарыстанне якой дазваляе Arcade Fire палегчыць бубны да незаўважнасці. Ці ўвогуле замяніць іх саўнд-машынай.
Да выбуховай сумесі U2 з Дэвідам Боўі, якой Arcade Fire былі раней, дадаліся гістэрычныя ноткі ў манеры Clinic і Suicide. Аднак гэтае лёгкае хуліганства ніяк не паўплывала на сур’ёзны настрой музыкаў. Ідэя песні “Normal Person” вельмі нагадвае роздумы Пінка Флойда з альбома “The Wall”: “Ці ёсць што-небудзь больш дзіўнае, чым нармальны чалавек? Ці ёсць што-небудзь больш бязлітаснае, чым нармальны чалавек?”
Светлыя плямы на “Рэфлектары” — прасякнутыя проста-такі бітлоўскай шчырасцю і сяброўскасцю "You Already Know" і “Awful Sound”. У апошняй крыштальная сінтэзатарная глыбіня спалучаецца з шумам авіяцыйнай турбіны. Атрымліваецца сапраўды жудасна!
Пасля філасофскай балады “Afterlife” ідзе наскрозь сінтэтычная "Supersymetry". Трэк гучыць настолькі касмічна, што пачынаеш верыць у нябёсы, на якія трапляеш пасля заканчэння зямнога жыцця. Асацыяцыя з фірмовымі “пінкфлойдаўскімі” правісаннямі часоў “Dark Side of the Moon” прыходзіць хутчэй, чым адкрываецца спасылка на артыкул пра альбом у “Вікіпедыі”.
Што прыемна — Grammy на Arcade Fire не паўплываў увогуле. Музыкі працягваюць эксперыментаваць і запісваць, што хочуць, вандруючы па свеце. “Reflektor” па-за фарматамі, яго бессэнсоўна слухаць “у фонавым рэжыме”. Каб зразумець, што твораць канадцы, трэба ў “Рэфлектары” адлюстравацца, іншага спосабу няма. Ледзь не ў кожнай песні на альбоме — па адкрытым пытанні, адказы на якія трэба шукаць недзе ў іншым месцы. Напрыклад, такое: “Калі сыходзіць каханне, // Куды яно сыходзіць? // І куды сыходзім мы?”
Фота: pitchfork.com.