Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: Хрыстус нарадзіўся! Не бойцеся яго прыняць!
Старшыня канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на свята Божага Нараджэння звярнуўся з традыцыйным пасланнем да суайчыннікаў. "Хрыстус нарадзіўся! Не бойцеся яго прыняць!", — заклікае ён. У пасланні Тадэвуш Кандрусевіч падкрэслівае: "У наш час шматлікіх крызісаў мы ўсё больш пераконваемся, што без Божага ўмяшальніцтва не зможам вырашыць нашых праблем". Сярод іх ён вылучае "крызіс сям'і, якая з'яўляецца падмуркам грамадства". У выніку "дзеці ізалююцца і становяцца залежнымі ад сучасных тэхналогій і амаральных звычак".
Гэтая і іншыя актуальныя праблемы (аборты, "амаральная сексуальная адукацыя", прапаганда аднаполых саюзаў) вядуць у бездань, а "свет без Бога з'яўляецца светам згубленага чалавецтва". "Прапагандаваць амаральныя справы становіцца нормай, а маральныя — праблемай, — піша арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — У выніку наступае сістэматычная маральная дэградацыя чалавека, сям'і і цэлых народаў... Таму мы павінны сказаць нашае рашучае "не" антыхрысціянскім тэндэнцыям!".
Збаўца — "гэта самая вялікая радасць і адзінае вырашэнне ўсіх нашых праблем". "Бог прапануе значна большую перспектыву, чым супермаркет, матэрыяльныя каштоўнасці ці задавальненні, — гаворыцца ў пастырскім пасланні. — А менавіта, вечнасць, да якой нас вядзе Езус, чыё нараджэнне святкуем".
Цалкам тэкст пастырскага паслання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча можна пабачыць тут.
Спасылкі на віншаванні грэка-католікаў і пратэстантаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.