Арганізацыя “Мулат”: Калі пачнецца паток мігрантаў у Беларусь, мы іх падтрымаем

Арганізацыя “Мулат”: Калі пачнецца паток мігрантаў у Беларусь, мы іх падтрымаем

У Мінску з 2004 года існуе грамадская арганізацыя “Мулат”. У ёй зарэгістравана 70 “каляровых” дзяцей. Старэйшым – за 20 гадоў, самай малой дзяўчынцы — усяго 3.

“На той момант, калі прыйшла ідэя стварыць арганізацыю, майму дзіцяці было 10 гадоў. Я сутыкнулася з вялікімі праблемамі як маці, якая выхоўвае “каляровае” дзіця, — распавядае кіраўнік фонду Марына Ракава. — Так атрымалася, што наш бацька “згубіўся”, калі сыну было тры гады. На жаль, гэта рэальнасць, з якой сутыкнуліся амаль усе жанчыны, якія тут жывуць з дзецьмі неславянскай знешнасці”.

Чым прыцягвалі замежныя цемнаскурыя маладыя людзі беларусак і чаму, нягледзячы на з’яўленне дзяцей, жанчыны заставаліся самотнымі? Марына кажа, што сакрэт просты: “усходнім” хлопцам, якія адарваліся ад дома, быў неабходны клопат, нашым дзяўчатам — замежжа. І не важна, якое.

“Большасць прыязджала, знаходзіла дзяўчат. Іх кармілі, ім пралі, клапаціліся пра іх. Атрымалася дзіця? Ну, добра, атрымалася. Маглі на сябе запісаць, маглі не запісаць. Закончылася вучоба, яны з’язджалі, паабяцаўшы, што літаральна заўтра прыедуць і забяруць. Маўляў, рыхтуйся. Можна было рыхтавацца ўсё жыццё, — усміхаецца Марына. — Адсоткаў 30% сувязяў былі па разліку, дзяўчаты лічылі, што замежнік — гэта выезд за мяжу. На той мамант гэтыя хлопцы сюды прыязджалі, іх спансіравалі іх дзяржавы, яны атрымлівалі добрыя стыпендыі, якія былі большымі, чым заробкі многіх нашых грамадзян. Гэта быў заможны слой у нашай краіне. Тады ж не было розніцы, Амерыка ці Афрыка. Гэта ўсё было замежжа. Нам падавалася, што гэта і ёсць прынцы на белым кані. Але часам дзяўчаты прыязджалі на радзіму замежнікаў і бачылі зусім не трохпавярховыя палацы, а будан дзядзькі Тома”.

Арганізацыя “Мулат”: Калі пачнецца паток мігрантаў у Беларусь, мы іх падтрымаем
Сын Марыны Альміс. Фота з сацыяльных сетак

Ісмаіл — самаліец. Ён вучыўся ў Маскве, але часта прыязджаў у Мінск, дзе і пазнаёміўся з Марынай. Разгарэлася каханне. У выніку Марына нарадзіла Альміса. Пасля вучобы Ісмаіл папрасіў прытулку ў Галандыі. Туды ж з маленькім сынам прыехала і Марына. Праўда, прывыкнуць да цалкам іншай рэальнасці жанчына не змагла, таму вярнулася ў Мінск. Бацька Альміса з’ехаў у Канаду, і іх сувязь узнавілася толькі праз 13 гадоў.

“Калі я вярнулася на Радзіму, то адчула, як цяжка тут жыць з дзецьмі неславянскай знешнасці. Дапамогу мне аказалі бацькі: калі б не іх падтрымка, не ведаю, як бы я гэта перажыла... Маё дзіця займалася спортам: яго адабралі на футбол, бо вядома, што “каляровыя” дзеці на генетычным ўзроўні вельмі спартыўныя, музычныя і таленавітыя. І калі я пачала вадзіць сына на футбол, пазнаёмілася з такімі ж мамамі, якія вадзілі сваіх такіх жа “каляровых” дзяцей. У размовах прыйшлі да высновы, што ўсе сутыкаемся з аднолькавымі праблемамі, і вырашылі трымацца адна адной, — узгадвае Марына. — Гэта цяпер колер скуры ўспрымаецца спакойна. У 1990-00-х была вельмі цяжкая сітуацыя. Напрыклад, калі мы стварылі арганізацыю, мы зарэгістравалі 63 дзіцяці, і на той момант ні ў каго з іх не было таты — усіх выхоўвалі мамы. І куды б яны ні звярталіся з нейкімі праблемамі, чулі адно пытанне: “А навошта вы нараджалі такіх дзяцей?”. Мамы лічыліся “маці-адзіночкамі”, не кожная мела добрую працу, матэрыяльны ўзровень многіх пакідаў жадаць лепшага. Таму калі ім патрэбна была нейкая дадатковая дапамога і калі высвятлялася, якія ў іх дзеці, яны чулі ўсё тое ж пытанне. Але ж мы не выбіраем, каго мы нараджаем”.

Апроч матэрыяльных, былі і псіхалагічныя праблемы, распавядае Марына. Натуральна, што колер скуры прыцягваў увагу ў дзяцей, якія ў калектывах часта выбіраюць сабе “ахвяру”. “Каляровыя” дзеці не выходзілі на вуліцу гуляць самастойна, бо ведалі, што любы можа пхнуць ці сказаць нешта крыўднае. Дарослыя ж, бачачы маму з цемнаскурым дзіцем, лічылі неабходным указаць жанчыне яе месца:

“Нашы людзі не выязджалі тады за мяжу, каб разумець, як яно ў свеце, і хадзілі-глядзелі на нас, як у цырк. Я не магла спакойна хадзіць па вуліцы — дзеці ж нараджаюцца прыгожымі. А за спінай што чуеш? Ты ж не будзеш тлумачыць, што тваё першае дзіця памерла, і што гэта была апошняя надзея, і што я сама амаль не памерла пры родах”…

Арганізацыя “Мулат”: Калі пачнецца паток мігрантаў у Беларусь, мы іх падтрымаем

Таму і было прыдумана аб'яднанне “Мулат”, якое размясцілася ў мінскім Доме міласэрнасці.

“Многія мамы звярталіся да нас з тым, што дзеці ў шоку, яны адмаўляюцца хадзіць у школу, таму нашай задачай было сабраць іх разам. Я магла ісці па вуліцы, убачыць маму з “каляровым” дзіцем, падысці, пазнаёміцца і пакінуць нумар тэлефона. Але калі мы пачалі збірацца, высветлілася, што ў некага не хапае грошай на школьныя рэчы. Таму мы, як хадакі, хадзілі па арганізацыях. Недзе знаходзілі паразуменне, недзе не. У 2006 годзе нам параілі звярнуцца ў прыход усіх Святых — Дом міласэрнасці. Натуральна, спачатку на нас глядзелі з шырока расплюшчанымі вачыма. Сёння можна гаварыць пра гэта адкрыта. У нас жа няма расавых забабонаў, але на той момант мы сутыкаліся пастаянна з гэтай праблемай. Мы доўга размаўлялі з кіраўніком тамтэйшага сацыяльнага цэнтра. Яны не здагадваліся, што ёсць такая праблема, але нас узялі. І вось з 2006 года мы знаходзімся пад іх юрысдыкцыяй — гэта выключна духоўная і сацыяльная падтрымка дзяцей. Мы ж сутыкаемся з рознымі праблемамі: некаму патрэбна дапамога псіхолага, некаму юрыста. Але, галоўнае, мы стварылі фонд не таму, што хацелі нешта ад некага атрымаць, а таму, каб дзеці разумелі, што яны не адны, і што яны заўсёды знойдуць падтрымку”.

Марына падкрэслівае, што “Мулат” — арганізацыя не камерцыйная, хаця афіцыйна зарэгістраваная і мае свой юрыдычны адрас. У інтэрнэце яе знайсці немагчыма: няма грошай на сайт. Матэрыяльна аб'яднанне таксама нікому не дапамагае. У свой час былі спробы атрымаць грант на развіццё ад ЮНЕСКА, але не атрымалася. У той жа час арганізацыя "Метыс" квітнее ў Маскве: яе падтрымліваюць спонсары, адпаведна, дзецям аказваецца не толькі духоўная дапамога.

Большасць маці, зарэгістраваныя ў “Мулаце”, засталіся “адзіночкамі”: замуж так і не выйшлі. Марына кажа, што ёсць усяго некалькі бацькоў, якія дапамагаюць дзецям. У асноўным жанчыны ўсё робяць самі. “Магчыма, гэта і някепска: яны загартаваліся, ім ніякія крызісы не страшныя, яны прывыклі выжываць у любых умовах”, — усміхаецца кіраўнік “Мулата”, якая таксама засталася “ў дзеўках”.

Арганізацыя “Мулат”: Калі пачнецца паток мігрантаў у Беларусь, мы іх падтрымаем
Сын Марыны крайні злева. Фота relax.by

Сыну Марыны 21 год. Ён вучыцца ў Тэхнікуме прадпрымальніцтва і працуе барменам у адным з мінскіх клубаў. У свой час хлопец скончыў школу з паглыбленай англійскай мовай, гуляў за юнацкую зборную Беларусі па бейсболе і ў футбол. Меў магчымасць застацца ў Галандыі з бацькам (бацька аб’явіўся, калі Альміс вучыўся ў 11-м класе, і зрабіў яму від на жыхарства), але захацеў застацца ў Беларусі. 

“Гэта як кветку перасаджваць з аднаго месца ў іншае, трэба час, каб яна прыжылася. Але яе трэба даглядаць. Тое самае і Альміс : ён прывык жыць тут, а каб ён захацеў жыць там, трэба прыкласці шмат высілкаў, каб растлумачыць, чаму гэта добра і мэтазгодна, — разважае Марына. — Год сын жыў паміж Мінскам і Галандыяй. Але ён кажа: “Мама, там усё ёсць, там усё добра. Але не ляжыць душа. Я не разумею іх сэнсу жыцця”.

Па словах Марыны, лёс дзяцей склаўся па-рознаму. Выхаванцаў “Мулата” можна сустрэць у спецназе, сярод іх ёсць і выканаўцы на беларускіх народных інструментах, ёсць і тыя, хто патрапіў за краты.

“У некага мамы моцныя, у некага слабейшыя. Адсутнасць таты таксама ўплывае на выхаванне. Нашых дзяцей таксама трэба ставіць на месца, бо незалежна ад колеру скуры ён мусіць жыць у соцыуме і карыстацца тымі ж правамі і абавязкамі, што і астатнія”.

Дзеці, якія першымі былі зарэгістраваныя ў арганізацыі, у хуткім часе створаць свае сем’і, і рэзідэнтаў у “Мулаце” пабольшае. Да таго ж, у арганізацыю нядаўна звярнуліся прадстаўнікі амбасады Емена ў Беларусі і некалькі сірыйцаў. Марына кажа, што ў сувязі з падзеямі ў Сірыі яны баяцца вяртацца дадому, таму папрасілі маральнай падтрымкі ў фонду.

“Наша арганізацыя не залежыць ад веравызнання, мы займаемся духоўным і сацыяльным развіццём, — заўважае жанчына. — Мы штудзіравалі сітуацыю і разумеем, што цяпер можа пачацца паток мігрантаў у тым ліку і ў Беларусь, і мы, натуральна, іх падтрымаем”.

Арганізацыя “Мулат”: Калі пачнецца паток мігрантаў у Беларусь, мы іх падтрымаем

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі