Аргкамітэт БХД збіраецца падаць заяўку ў Кнігу рэкордаў Гінэса
З 2009 года былі атрыманыя чатыры адмовы на рэгістрацыю партыі. У чэрвені пройдзе чарговы ўстаноўчы з'езд.
Аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" збіраецца падаць заяўку ў Кнігу рэкордаў Гінэса і цяпер збірае неабходныя дакументы. Такім чынам робіцца спроба прыцягнуць увагу да праблемы нерэгістрацыі палітычных партый і грамадскіх арганізацый у Беларусі. Апошняя партыя ў нашай краіне была зарэгістраваная ў 2000 годзе.
БХД будзе падаваць заяўку ў Кнігу рэкордаў Гінэса ў катэгорыі "Самая вялікая колькасць адмоваў у рэгістрацыі партыі". З 2009 года былі атрыманыя чатыры такія адмовы. 13 чэрвеня аргкамітэт збіраецца правесці чарговы ўстаноўчы з'езд. На яго і запросяць прадстаўнікоў Кнігі рэкордаў Гінэса.
Як раней паведамлялася, аргкамітэт падаваў заяўкі на арэнду памяшкання для з'езда ў 13 арганізацый, аднак усе адмовілі. У выніку ў Мінгарвыканкам падалі заяўку на правядзенне ўстаноўчага з'езда на плошчы Свабоды ў Мінску, інфармуе БелаПАН.