Артыкул 33: як сродак супраць сыходу ад падаткаў стаў інструментам рэпрэсій
Еўрарадыё
Артыкул 33 Падатковага кодэкса дазваляе фінансавай міліцыі даналічваць прадпрыемствам падатковыя выплаты за апошнія 5 гадоў, калі ўстаноўлена, што яны сыходзілі ад падаткаў. На справе ж праз артыкул 33 бізнес час ад часу караюць за тое, што раней не было забаронена. Для некаторых сумы становяцца непад'ёмнымі.
Два гады таму, калі цяперашняя рэдакцыя Падатковага кодэкса яшчэ была ў рабоце, прадпрымальнікі асцерагаліся з'яўлення ў ім такога артыкула. І ён з'явіўся — у самы апошні момант, калі ў бізнес-супольнасці ўжо не было магчымасці на нешта паўплываць. Там адразу загаварылі пра "рэінкарнацыю" скасаванага ўказа №488 аб ілжэпрадпрымальніцтве.
Цяпер рыхтуецца чарговая порцыя паправак у Падатковы кодэкс. Але, як даведалася Еўрарадыё, артыкул 33 застанецца на сваім месцы. Мы распыталі экспертаў пра тое, як ён працуе, да якіх вынікаў прыводзіць яго прымяненне і чаму ўсё гэта не вельмі ўдала і справядліва.
Механізмы справядлівасці
— Артыкул 33 накіраваны на тое, каб рэальна перакрываць самыя складаныя і хітрыя схемы ўхілення ад выплаты падаткаў. Але прымяненне гэтага механізма патрабуе існавання інстытутаў, якія забяспечваюць справядлівасць яго прымянення. У тым ліку незалежнага і справядлівага суда, — кажа эканаміст Леанід Фрыдкін.
Ён адзначае, што скасаваны ўказ №488 і артыкул 33 ПК — усё ж розныя з'явы. Указ №488 дазваляў кантралёрам рабіць "вельмі адвольныя рэчы" і прыцягваць да адказнасці прадпрымальнікаў паводле фармальных прыкмет. Напрыклад, кампанію маглі прызнаць "ілжэпрадпрымальнікам", калі незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць ажыццяўляў яе контрагент. Пры гэтым кампанія магла гэтага і не ведаць, сумленна выканаць умовы здзелкі і заплаціць усе падаткі.
А аб'ядноўвае ўказ №488 і артыкул 33 ПК тое, што артыкул 33 можа прымяняцца рэтраспектыўна. Тое, што норма ўступіла ў сілу пасля здзяйснення нейкіх "парушэнняў", аказваецца няважным.
Умовы дамоваў мяняюцца без суда
Артыкул 33 ПК дазваляе правяраць дзейнасць арганізацыі за апошнія 5 гадоў. Часам орган, які правярае, прыходзіць да высновы, што адзін з бакоў дамовы не меў права выконваць работы як індывідуальны прадпрымальнік.
Складаюцца акты праверак, па якіх дамовы змяняюцца без звароту ў суд.
— Вынікам такіх перакваліфікацый з'яўляецца даналічэнне падаткаў, напрыклад падаходнага падатку, правяранай арганізацыі, — расказвае сябра праўлення Асацыяцыі падаткаплацельшчыкаў і дарадца адвакацкага бюро "Гарэцкі і партнёры" Наталля Зварано. — Плацельшчыку, у дачыненні да якога прымяняюцца нормы артыкула 33 Падатковага кодэкса, даналічваецца падаходны падатак па стаўцы 13% без уліку таго факту, што, напрыклад, ІП, перакваліфікаваны ў работніка, выплачваў падатак па спрошчанай сістэме падаткаабкладання па стаўцы 5% або па стаўцы 3% плюс ПДВ.
Вынікам такога падыходу з'яўляецца даналічэнне істотных сум да выплаты ў бюджэт, бо праверкі праводзяцца за папярэднія тры ці пяць гадоў.
Вынікі — банкруцтва і "крымінал"
Наталля Зварано падкрэслівае, што ўжо ёсць досвед, калі плацельшчыку па выніках прымянення артыкула 33 ПК давялося ліквідаваць бізнес або абвясціць пра банкруцтва.
Удзельнікі Бізнес саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя М. С. Куняўскага не сутыкаліся з работай артыкула 33 ПК. Але ў цэлым, па словах кіраўніка бізнес-саюза Жанны Тарасевіч, артыкул 33 "ужываўся, і дастаткова жорстка".
Напрыклад, 24 верасня Камітэт дзяржаўнага кантролю паведаміў, што на службовых асоб кампаніі "Белцяжмаш", у якой здымаў офіс штаб Віктара Бабарыкі, распачатая крымінальная справа паводле часткі 2 артыкула 243 — ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў. Сума шкоды склала 6,3 млн рублёў. Прычына — драбненне кампаніі з мэтай мінімізацыі падаткаў. Было створана 14 дадатковых суб'ектаў гаспадарання.
З заявы КДК вынікае, што замест таго, каб "Белцяжмаш" выплачвала 18% ад прыбытку па агульнай сістэме падаткаабкладання, раздробленыя кампаніі выплачвалі падаткі па зніжаных стаўках — 5% ад выручкі кампаніі без выплаты падатку на дабаўленую вартасць або 3% ад выручкі кампаніі плюс ПДВ.
Да 2019 года драбненне бізнесу не было каральным. Прыцягнуць да адказнасці за гэта стала магчыма з пачатку работы артыкула 33 Падатковага кодэкса. А "схема" на "Белцяжмашы" працавала з 2014 года.
Інструмент патрэбны, калі ён не рэпрэсіўны
Апытаныя эксперты згодныя, што такі інструмент, як артыкул 33 ПК, патрэбен для барацьбы з ухіленнем ад выплаты падаткаў. Тым больш што ён існуе ў многіх краінах, у тым ліку ў нашых суседзяў.
— Галоўнае, каб ён не ўжываўся як інструмент рэпрэсій. Да нядаўніх часоў у дзяржавы не было ў ім асаблівай патрэбы. Але, як паказваюць некаторыя падзеі, яны могуць з'яўляцца ў любы момант, — кажа Леанід Фрыдкін.
Наталля Зварано падкрэслівае, што прымяненне мер па прадухіленні сыходу ад выплаты падаткаў не павінна прыводзіць да "лятальных канцоў".
— Стала вядома, што нормы Падатковага кодэкса зведаюць змены не толькі ў 2021 годзе, але і ў 2022 годзе. Магчыма, бізнес і дзяржава змогуць знайсці парытэт у падыходах да ўжывання нормаў артыкула 33, каб, з аднаго боку, эфектыўна змагацца са злоўжываннямі, а з другога — карэктаваць падатковую базу плацельшчыка, які правініўся, разумна. Каб дзяржава не губляла гэтага самага плацельшчыка, — заключае Наталля Зварано.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.