Арына Сабаленка пакідае Уімблдон
Першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка пакідае Уімблдонскі турнір. У матчы 2-га круга Арына ў пары з расіянкай Веранікай Кудэрметавай саступіла ў трох сэтах Люцыі Градзецкай (Чэхія) і Се Шувэй (Тайваль) — 6:4, 4:6, 3:6.
Уімблдон увогуле склаўся для Сабаленка няўдала. У стартавым паядынку адзіночнага разраду яна ў трох сэтах саступіла румынцы Міхаэле Бузарнэску: 7:6 (7:3), 1:6, 4:6. Матч працягваўся 1 гадзіну 56 хвілін.
Магчыма, няўдалы выступ тлумачыцца тым, што напярэдадні тэнісістка выклалася на 100% на турніры ў Істбарне. Там Сабаленка дайшла да фінала, дзе прайграла Караліне Вазняцкі. Пасля турніру ў Істбарне Сабаленка ўзнялася ў рэйтынгу WTA адразу на 13 радкоў — з 45 на 32 месца.
У адзіночным разрадзе з беларускіх тэнісістаў на Уімблдоне працягвае гуляць толькі Аляксандра Сасновіч. У 3-м крузе яна сустрэнецца з 25-й ракеткай свету Дар'яй Гаўрылавай з Аўстраліі.