Аўтар "СБ" прапанаваў знішчыць у Беларусі нямецкія могілкі
Могілкі нямецкіх салдат Другой сусветнай вайны ў Брэсцкай вобласці / sb.by
Калумніст праўладнага выдання "СБ-Беларусь Сегодня" Юрый Церах прапанаваў знішчыць у Беларусі могілкі, дзе пахаваныя нямецкія салдаты, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны.
Ён мяркуе, што так паступаць з пахаваннямі можна, таму што "ідзе вайна" — "праз санкцыі, падрыхтоўку экстрэмістаў, расхістванне грамадства, спробы задушыць краіну без фармальнага абвяшчэння вайны". І Германія, па адчуваннях Цераха, прымае ў гэтай вайне непасрэдны ўдзел. Да таго ж недастаткова добра сочыць за пахаваннямі савецкіх воінаў на сваёй тэрыторыі.
"Можа, нам варта з усёй павагай сабраць усе гэтыя астанкі салдат вермахта і адправіць іх таварным вагонам на радзіму дзядулі Гітлера? Ім там мясцовыя неанацысты на магілах свастыкі маляваць стануць, і ўсе будуць задаволеныя, — піша Церах. — Ну а праўда, навошта ім ляжаць у беларускай зямлі? Яны прынеслі нашаму народу толькі гора і смерць, але пахаваныя тут. Як па мне, іх адпачынак некалькі зацягнуўся. Ды і зямля нібы як не бясплатная, а так выходзіць, што яны яе кавалачак усё ж захапілі".
На тэрыторыі Беларусі знаходзіцца некалькі могілак, дзе пахаваныя нямецкія салдаты і афіцэры, якія загінулі тут падчас Другой сусветнай вайны. Арганізаваная праца па перапахаванні вядзецца з пачатку нулявых гадоў. Займаецца гэтым грамадская арганізацыя "Народны саюз Германіі па доглядзе за ваеннымі пахаваннямі".
Яна супрацоўнічае, у тым ліку, і з 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. У лістападзе 2020 года "Гродзенская праўда" надрукавала вялікі рэпартаж аб раскопках ваенных пошукавікаў ў Свіслацкім раёне.
Старшы інструктар спецыялізаванай пошукавай роты прапаршчык Аляксандр Каралевіч распавядаў, што парэшткі перададуць "народнаму Саюзу Германіі для наступнага перапахавання на мемарыяльных могілках, што недалёка ад пасёлка Бяроза Брэсцкай вобласці".
На могілках у Бярозе няма індывідуальных магіл, расказвала ў рэпартажы з Брэсцкай вобласці "КП у Беларусі". Імёны пахаваных салдат выбітыя на плітах, якія стаяць уздоўж алеі. Тады ж журналіст выдання адзначаў, што пошукавыя работы вядуцца і ў Германіі — штогод перепахоўваюць каля 120 - 140 чырвонаармейцаў. Усяго ў Германіі 3600 воінскіх пахаванняў абедзвюх сусветных войнаў, дзе спачывае каля 760 тысяч грамадзян былога СССР.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.