Аўтары песень Канчыты Вурст і Марыі Шарыфавіч возьмуць удзел у беларускім адборы
Пакуль сусветныя СМІ пішуць пра вакаліста Sex Pistols Джона Лайдана, які збіраецца ўдзельнічаць у "Еўрабачанні-2018" ад Ірландыі, у Беларусі нарэшце стартаваў прыём заявак на нацыянальны адбор.
Галоўныя беларускія панкі "Дай Дарогу!" і Neuro Dubel скласці канкурэнцыю Лайдану, прынамсі сёння, не плануюць, але іх калегі з папсовага лагера ўжо ва ўсю рыхтуюць песні і нумары.
Фіналіст нацыянальных адбораў Аляксей Грос настроены сур'ёзна: ён працуе над конкурснай песняй разам са сваім братам і сонграйтарам Мікітам Найдзёнавым:
"Вельмі хочацца паўдзельнічаць у гэтым годзе. У працы некалькі песень, і мы пакуль не вызначыліся, якая з іх будзе дакладна. Калі будзем на 100 адсоткаў упэўненыя ў трэку, то тады будзем удзельнічаць".
У чацвер, 7 снежня, песню на "Еўрабачанне" прадставіць мінулагодняя фіналістка адбору Анжаліка Пушнова. Яе кампазіцыю "Fighting for love" стварылі Уладзімір Граіч, аўтар знакамітай "Малітвы" Марыі Шэрыфавіч, і Чарлі Мэйсан, які напісаў тэкст пераможнай песні Канчыты Вурст.
"Гэта не барацьба за каханне паміж жанчынай і мужчынам. Гэта барацьба за любоў ва ўсім свеце, — тлумачыць Ажаліка сэнс сваёй песні. — Пра тое, што трэба любіць адно аднаго незалежна ад нацыянальнасці, расы, узросту і веравызнання".
Чуткі пра тое, што на "Еўрабачанне" зноў збіраецца Uzari ходзяць сярод поп-тусоўкі даўно. Сам Uzari іх не пацвярджае, але і не адмаўляе: адказвае вельмі мудрагеліста!
"Калі мне прапануюць, то я падамся! Самому падавацца няма сэнсу. Таму што ўжо шмат разоў быў на "Еўрабачанні" — тры разы ў розных амплуа, ведаю, што, як і навошта. Але калі прапануюць, то, натуральна, гэта было б цікава. Ну і калі я буду падавацца, то песня будзе беларускамоўная. І гэта будзе ў межах майго графіку, а не так, як ў 2015 годзе — калі я ўсё кінуў дзеля конкурсу".
Спявачка Іюль (Юлія Карнелюк) дароблівае песню "на вельмі важную тэму, якая яшчэ не ўздымалася на "Еўрабачанні" і смяецца, маўляў, ну як гэта, нацыянальны адбор без яе:
"Натуральна, можна абысціся і без "Еўрабачання". Але для мяне гэта конкурс, дзе можна паказаць сябе, бо ў Беларусі не так шмат такіх месцаў. Мая задача — зрабіць прыгожы нумар з добрай песняй".
На беларускім адборы мае прадставіць сваю расійскую вучаніцу Пётр Ялфімаў. Пра план Пятра напісана на старонцы спявачкі Соф'і Лапінай “Вконтакте”. Прадстаўленая і сама песня. Дарэчы, пра Соф’ю беларусы даведаліся нядаўна, дзякуючы яе выкананню песні "Новы дзень", якую ў свой час спявала Ксюша Жук з Naviband.
Не выключана, што ў сёлетняй "гонцы" возьме ўдзел і спявачка Napoli. Да апошняга Вольга Шыманская, якая чатыры разы запар была на валасок ад перамогі, не планавала прылятаць з Кіпра, дзе жыве цяпер. Але, кажа, яе прадзюсар Аляксанр Слуцкі, з'явілася нагода.
"Гэта будзе злачынства, калі мы не будзем удзельнічаць", — інтрыгуе прадзюсар.
А вось NUTEKI, фаварыты адбораў, сёлета на сцэну не выйдуць.
"Мы селі з хлопцамі, паглядзелі матэрыял, які падрыхтавалі да "Еўрабачання", і зразумелі, што няма імпульсу, няма натхнення. А ісці дзеля хайпу не хочацца. Таму, каб не падманваць ні сябе, ні людзей, не пойдзем", — расчароўвае фронтмэн Міхаіл Накарашвілі.
Днямі Філіп Кіркораў заявіў пра свой удзел у "Еўрабачанні" у якасці прадзюсара. Маўляў, на яго "выйшлі з прапановай ад адной сяброўскай краіны". У той жа час канкурэнт Кіркорава Віктар Дробыш таксама часта ў апошні час наведвае Мінск. Што з гэтага ўсяго атрымаецца, даведаемся падчас нацыянальнага адбору!