Avias прадстаўляюць першы сінгл з дэбютнага альбома (слухаць)
Трэк "Падман Зроку" — адна з самых простых, шчырых і зразумелых рэчаў з будучага лонгплэя, мяркуюць музыкі.
"Песня "Падман Зроку" амаль не мае ніякай гісторыі, але гэта акурат адна з тых кампазіцый, якія з'яўляюцца спантанна і спяваюцца на адным дыханні. Гэта кароткі агонь пытанняў аб сэнсе нашага існавання, якія ледзьве знаходзяць адказы, і ў асноўным яны — у звычайным каханні, а ўсё астатняе — хісткая ілюзія", — такім чынам Avias тлумачаць філасофію трэка.
"Падман Зроку" анансуе будучы дэбютны альбом Avias, які будзе прэзентаваны на пачатку траўня. Акрамя таго, каманда рыхтуе цікавую канцэртную презентацыю пласцінкі.
Для альбома гурт запісаў 12 трэкаў. Але ёсць верагоднасць, што адзін з іх музыкі пакінуць "на потым".
"Як мне падаецца, некалькі змяніўся падыход да стварэння музыкі, — распавядае лідар гурта Раман Сухоцкі. — Але ўсё атрымліваецца вельмі гарманічна. Нягледзячы на тое, што мы сабраліся ў гурце такія разнашэрсныя, рабіць нешта агульнае з уплывамі розных поглядаў вельмі кайфова".