Азаронак звярнуўся да псіхолага з пытаннем: "Ці не зажраліся мы?"

Рыгор Азаронак

Рыгор Азаронак / sb.by

Прапагандыст СТВ Рыгор Азаронак у адной з праграмаў, якія выходзяць на канале, звярнуўся да псіхолага з пытаннем: "Ці не зажраліся мы?" Ён выказаў здагадку, што мандарыны круглы год і абед у рэстаране — гэта ненармальна. Цытаты прапагандыста і псіхолага прыводзіць "Зеркало".

"Я разумею, што гэта было не вельмі добра, што мандарыны былі толькі на Новы год, але гэта было падзеяй, гэта было святам, гэта было важным. Ну, паход у рэстаран — гэта быў раз на месяц. Цяпер людзі часам абедаюць у рэстаранах. Нармальная гэта для грамадства, для псіхалогіі сітуацыя ці не?" — заявіў Азаронак. Ён аргументаваў свой пункт гледжання тым, што "ежа павінна быць чымсьці паўсядзённым" і "гэта не павінна быць вось такім вось раскошным". Інакш "мы тады ўжо ў грамадства спажывання кацімся".

Псіхолаг Ганна Сідарава, якая таксама ўдзельнічала ў перадачы, Азаранка не падтрымала. Перадусім яна прапанавала паглядзець на фігуры беларусаў. Паводле яе ацэнкі, з імі ў жыхароў краіны "ўсё добра". Азаронак на гэта адрэагаваў фразай, што яму "схуднець трошкі трэба, вядома".  Псіхолаг нагадала, што смакавыя перавагі чалавека фармуюцца ад чатырох да дзесяці гадоў.

"І калі нашы бацькі нам прышчаплялі розныя [прадукты] — мы спрабавалі сёння адзін сыр, заўтра мама ішла купляла другі, — мы якраз і сфармавалі тую асобу, калі дзіця выходзіць і яно не баіцца спрабаваць. Для яго гэта зразумела. Для яго гэта не страшна", — патлумачыла Сідарава. Яна прызналася, што як спецыялістка радуецца, як развіваецца грамадства. "Спорт, правільнае харчаванне і культура харчавання. Мы якраз рухаемся. І гэта не проста не пра зажраліся — гэта пра наша развіццё", — адзначыла псіхолаг.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі