Бацька Кондруся, фігуранта справы аб Плошчы: Сын — напалову труп

Бацька Кондруся, фігуранта справы аб Плошчы: Сын — напалову труп

Уладзімір Кондрусь, новы фігурант справы аб масавых беспарадках на Плошчы-2010, знаходзіцца ў крытычным стане. Пра гэта праваабарончаму сайту spring96.org распавёў яго бацька, Уладзімір Расціслававіч. 9 жніўня ён разам з жонкай упершыню за два месяцы арышту ў СІЗА на Валадарцы наведаў сына.

Паводле бацькі, Уладзімір Кондрусь вытрываў толькі пяць хвілінаў першага дазволенага спаткання з роднымі.

“Мы ў шоку. Сын — напалову труп. У пакой для перамоваў яго вынеслі на насілках. Яго хапіла на пяць хвілінаў гутаркі. Ён знясілены. Казаў ён вельмі невыразна. Глядзіш на яго з боку — здаецца, што ён як у тумане, дрэнна разумее. Вочы паўпустыя”, — распавёў Уладзімір Кондрусь-старэйшы.

У СІЗА арыштаваны трымаў доўгатэрміновую галадоўку на знак пратэсту супраць свайго зняволення, што і стала прычынай рэзкага пагаршэння яго стану здароўя. 39-гадовы Уладзімір мае язву страўніка. Зараз ён у медсанчастцы СІЗА і прасіў, каб яму зрабілі зонд, бо яго ванітуе крывёй. Аднак турэмныя медыкі заяўляюць, што не аказваюць такой дапамогі, апроч таго, Уладзіміру не даюць абязбольвальнага. Бацькі просяць перавесці яго ў звычайны шпіталь, дзе іх сыну акажуць тэрміновую дапамогу.

Жыхар пасёлка Рудзенск Уладзімір Кондрусь быў узяты пад варту 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расследавання за яго меркаваны ўдзел у масавых беспарадках каля Дома Урада пасля выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе. Ён абвінавачваецца паводле арт. 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі), па якім  было асуджана 49 чалавек, многія з пазбаўленнем волі на розныя тэрміны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі