"Бацька не супраціўляўся, але яго ўсё адно білі". Як затрымлівалі Лагвінца

"Бацька не супраціўляўся, але яго ўсё адно білі". Як затрымлівалі Лагвінца

Днём 23 сакавіка стала вядома аб затрыманні Алеся Лагвінца. Падрабязнасці затрымання расказаў Еўрарадыё яго сын Антось.

"Мы выходзілі з дома па вуліцы Касманаўтаў. Падбеглі пяць чалавек, трое схапілі бацьку, яшчэ двое — мяне. Без формы. Гадоў па 35, кароткастрыжаныя. Я моцна крычаў. Людзі паспрабавалі нас адбіць, але адзін з нападнікаў пачаў тыкаць ім у твар коркай. Ні прозвішча, нічога разабраць нельга было", — расказвае Антось Лагвінец.

Па яго словах, сведкамі затрымання сталі людзі, якія ў той момант знаходзіліся ў цырульні побач з месцам здарэння. "Гэтыя людзі пайшлі ў РУУС пісаць заяву аб выкраданні чалавека. Ім там сказалі, што КДБ з усім разабраўся, і заяву не ўзялі", — гаворыць Лагвінец-малодшы.

"У мікрааўтобусе бацьку скруцілі. Сесці не далі. Бацьку білі, у яго цякла кроў. Акуляры разбілі. Ён не супраціўляўся, бацьку білі проста так, называлі "продажной тварью". Асабліва адзін з іх. Прадставіўся Аляксандрам Васільевічам. Потым апраўдваўся, што гэта ў яго загад такі і ён нічога не можа зрабіць. Але няпраўда гэта. Я спрабаваў абараніць бацьку, але яны мяне прыкулі кайданкамі да сядзення", — расказвае Антось Лагвінец.

У мікрааўтобусе рэчы Лагвінца-малодшага агледзелі, а яго самога праз нейкі час адпусцілі. Потым аддалі рэчы бацькі — ключы ад машыны, пасведчанне кіроўцы. "Сказалі мне ісці адсюль, каб не было праблем. Самі з'ехалі... Ніхто нічога не тлумачыў, не прадстаўляўся. Цяпер я шукаю сведак. Тут шмат хто бачыў гэта. Можа, нехта здымаў відэа... Я хачу, каб бацьку адпусцілі", — гаворыць Антось Лагвінец.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі