БАТЭ зрабіў падарунак хлопчыку, які заплакаў пасля пройгрышу ў фінале Кубка
Кранальная гісторыя адбылася пасля паразы БАТЭ ад жодзінскага “Тарпеда — БелАЗ” у фінале Кубка Беларусі. Матч праходзіў 21 траўня ў Брэсце. Пасля серыі пенальці, дзе барысаўчане саступілі з лікам 2:3, у аб’ектыў камеры аднаго з аператараў трапіў хлопчык, заплаканы заўзятар БАТЭ. Відэа пабачылі супрацоўнікі клуба, пасля чаго размясцілі ў сваіх афіцыйных акаунтах у сацыяльных сетках наступнае паведамленне:
“Сябры, шукаем гэтага хлапчука, які так цяжка перажываў паражэнне нашай каманды ў фінале Кубка. Калі хтосьці ведае, як можна звязацца з ім/яго бацькамі — паведаміце”.
Хлопчыка знайшлі праз некалькі гадзін. Ім аказаўся жыхар Брэста, шасцігадовы Мацвей. БАТЭ зняў для яго адмысловае відэа. У роліку футбаліст БАТЭ Аляксандр Валадзько гаворыць, што каманду вельмі ўразілі эмоцыі хлопчыка. Таму футбалісты вырашылі зрабіць для яго адмысловую майку з імем Мацвей на спіне і нумарам 12.
Акрамя гэтага, супрацоўнікі клуба запрасілі Мацвея на хатні матч БАТЭ супраць “Граніта”, які пройдзе на “Барысаў — Арэне” 5 чэрвеня.