Баявік з Беларусі з'явіўся на білбордзе ў "ДНР"
На білбордзе ў так званай "Данецкай народнай рэспубліцы" з'явілася фота 25-гадовага беларуса Сяргея Савіча — былога спецназаўца з Марʼінай Горкі, паведамляе тэлеканал "Белсат".
Білборд з нумарам тэлефону мясцовага ваенкамату заклікае добраахвотнікаў уступаць у вайсковыя шэрагі. Сяргей Савіч з пазыўным "Белы" з'яўляецца тварам гэтай кампаніі.
Вядома, што беларус паехаў ваяваць на Данбас на баку сепаратыстаў яшчэ ў чэрвені 2014 года. Ён служыў там у падраздзяленні "Спарта", стаў камандзірам узводу, браў удзел у баях у Данецкім аэрапорце і пад Дэбальцавам.
У лютым 2015-га Савіч даў інтэрвʼю аднаму з сепаратысцкіх СМІ. Тады ён распавёў, што паехаць на Данбас надумаў пасля таго, як пабачыў на расісйскім тэлебачанні сюжэт аб "распятым хлопчыку".
Цяпер Савіч жыве ў так званай "ДНР". Ці бывае ён на радзіме, невядома. Згодна з беларускім заканадаўствам на радзіме яму павінна пагражаць крымінальная справа за наёмніцтва.