Байдэн: Расія зрабіла ашуканскую спробу анэксаваць суверэнную тэрыторыю Украіны
Джо Байдэн / reuters.com
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн пракаментаваў анэксію Расіяй чарговых украінскіх тэрыторый. У распаўсюджанай Белым домам яго заяве падкрэсліваецца, што Злучаныя Штаты і іх саюзнікі "будуць падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца для аднаўлення яе суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці".
У заяве адзначаецца, што "Злучаныя Штаты асуджаюць сённяшнюю ашуканскую спробу Расіі анэксаваць суверэнную ўкраінскую тэрыторыю", якая праігнаравала міжнароднае права, статут Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і "дэманструе сваю пагарду да міралюбных народаў". "Няхай ніхто не памыляецца на гэты конт: гэтыя дзеянні не маюць легітымнасці, — заяўляе Джо Байдэн. — Злучаныя Штаты заўсёды будуць паважаць міжнародна прызнаныя межы Украіны... Мы будзем і надалей падтрымліваць намаганні Украіны па аднаўленні кантролю над сваёй тэрыторыяй, умацоўваючы яе пазіцыі ў ваенным і дыпламатычным адносінах".
Байдэн нагадаў пра мільярды долараў дапамогі, якія атрымае Украіна. Таксама ён нагадаў пра новыя санкцыі, якія ўводзяцца супраць Расіі.
"Мы з'яднаем міжнародную супольнасць, каб асудзіць гэтыя крокі і прыцягнуць Расію да адказнасці, — гаворыцца ў заяве. — Мы працягнем прадастаўляць Украіне тэхнічныя сродкі, неабходныя ёй для самаабароны, нягледзячы на нахабныя спробы Расіі змяніць межы свайго суседа".
Прэзідэнт ЗША заклікаў "усіх чальцоў міжнароднай супольнасці адкінуць незаконныя расійскія спробы анэксіі і падтрымліваць народ Украіны столькі, колькі спатрэбіцца".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.