Байкеры з георгіеўскімі стужкамі прарываліся ў рэстаран у Курапатах

Байкеры з георгіеўскімі стужкамі прарываліся ў рэстаран у Курапатах

9 чэрвеня грамадскія актывісты працягнулі пікетаванне рэстарана “Паедзем паядзім”, які знаходзіцца на 51 кіламетры кальцавой дарогі за 50 метраў ад Курапатаў, паведамляе Радыё Свабода. У 12.30 тры байкеры ў чорных шлемах, на дарагіх матацыклах, у тым ліку BMW, амаль не зніжаючы хуткасці паспрабавалі прарвацца праз пікет за браму рэстарана.

У адказ на словы пікетоўцаў, што тут ахоўная зона, байкеры толькі націскалі на газ. Двум удалося праехаць праз натоўп, але трэцяга пікетоўцы ўсё ж спынілі.

Кіроўца Аляксандр не назваў свайго прозвішча і адразу выклікаў міліцыю. Пікетоўцаў ён прасіў не чапаць яго дарагі матацыкл, а пра сябе сказаў, што ён “не багаты чалавек, а нармальны”. Пры гэтым адмовіўся зняць шлем.

Дыскусія працягвалася пакуль не з'явіўся нарад ДАІ, але высветлілася, што пратакол міліцыя мусіла б складаць на байкера, які наехаў на нагу пікетоўцу Аляксею Туровічу.

У выніку байкеры сказалі, што “калі ўжо міліцыя нічога не можа зрабіць, тады вы перамаглі, мы вяртаемся”. Уся кампанія пакінула тэрыторыю рэстарана, а перад тым, як рушыць, Аляксандр перавязаў руль матацыкла георгіеўскай стужкай, якую знялі пратэстоўцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі