Беларус скандаліў у цэнтры рэгістрацыі бежанцаў у Літве
Агрэсіўнага беларуса змясцілі ў спецпамяшканне (ілюстрацыйнае фота)
Беларус скандаліў у цэнтры рэгістрацыі бежанцаў у Пабрадзе ў Літве, паведамляе Delfi. Здарэнне адбылося позна ўвечары 26 снежня. Мужчыну з дапамогай слёзацечнага газу супакоілі памежнікі. На рукі яму надзелі кайданкі.
Перад гэтым беларус з яшчэ адным суайчыннікам, які таксама падаваў заяву на атрыманне прытулку ў Літве, выйшлі з цэнтра пагуляць. Але прагулка скончылася затрыманнем на адной з гарадскіх вуліц. Беларусы былі ў стане алкагольнага ап'янення і скандалілі. У выніку хуліганаў паліцэйскія прывезлі назад у цэнтр рэгістрацыі бежанцаў.
43-гадовы грамадзянін Беларусі не супакоіўся. У цэнтры ён паводзіў сябе агрэсіўна, ламаў маёмасць і не рэагаваў на патрабаванні літоўскіх памежнікаў. Тады яны яго скруцілі з дапамогай спецсродкаў. Было праведзена медасведчанне, якое пацвердзіла, што беларус быў п'яны — 1,20 праміле. Яго часова змясцілі ў спецпамяшканне. Праводзіцца расследаванне. Хулігану давядзецца кампенсаваць знішчаную маёмасць. Таксама мужчыне прапануюць кансультацыю псіхолага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.