Беларусь спыняе падачу электраэнергіі ў Літву — пакуль у рамках эксперыменту

Лініі электраперадач​ / reform.by
Лініі электраперадач​ / reform.by

У Беларусі пачаліся выпрабаванні энергасістэмы з адключэннем трансгранічных ліній электраперадачы з Літвой, распавялі ў канцэрне "Белэнерга".

Мэта гэтых выпрабаванняў — праверыць надзейнасць працы Беларускай энергасістэмы з аглядкай на планы прыбалтыйскіх краін выйсці з энергакольца БРЭЛЛ.

БРЭЛЛ — гэта абрэвіятура, складзеная з першых літар назваў краін Беларусь, Расія, Эстонія, Латвія і Літва. Гэтыя дзяржавы ў 2001 годзе заключылі пагадненне і дамовіліся аб сінхронным рэжыме працы сваіх энергетычных сістэм. Аднак некалькі гадоў таму прыбалтыйскія краіны вырашылі адлучыцца і сінхранізавацца з энергасістэмай Еўропы праз Польшчу – праз ужо пабудаваную смычку LitPol Link і марскі кабель Harmony Link. Плануецца, што гэта адбудзецца да 2025 года.

У "Белэнерга" распавялі, што выпрабаванні будуць доўжыцца 24 гадзіны. Яны прадугледжваюць "адключэнне высакавольтных ліній, назіранне за рэжымам працы энергасістэмы і ўключэнне высакавольтных ліній з захаваннем неабходных патрабаванняў бяспекі".

Такія ж выпрабаванні правядуць яшчэ раз — 11 красавіка. У ведамстве ўдакладнілі, што ўсе працы узгоднены з сістэмнымі аператарамі краін БРЭЛЛ.

Беларусь прекращает подачу электроэнергии в Литву — пока в рамках эксперимента
Мяркуючы па карце "Белэнерга", будуць адключаныя тры лініі / @belenergo

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі