Беларусь страціла шахматную алімпіяду — і засталася вінная ФІДЭ
Шахматная алімпіяда / chess.com
Беларусь не проста пазбавілі права праводзіць шахматную алімпіяду 2022 года, але яшчэ і могуць аштрафаваць за гэта. Міжнародная шахматная федэрацыя (ФІДЭ) разлічвае на "сур'ёзныя выплаты".
— Мінспорту вырашыла адмяніць правядзенне алімпіяды ў сувязі са складанай эканамічнай сітуацыяй, — расказвае Анастасія Сарокіна, кіраўнік Беларускай федэрацыі шахмат. — Цяпер мы вядзём перамовы з Міжнароднай федэрацыяй шахмат, каб для нас усё гэта абярнулася мінімальнымі іміджавымі і фінансавымі стратамі.
Згодна з кантрактнымі абавязацельствамі, выплаты сур'ёзныя. Не хацелася б, каб усё гэта суправаджалася судовымі выдаткамі. Спадзяюся, мы з кіраўніцтвам і дэлегатамі зможам дамовіцца на больш лаяльныя ўмовы.
У ФІДЭ заявілі, што беларускі бок не выканаў арганізацыйных і фінансавых абавязацельстваў. Мінспорту не змагло гарантаваць авансавыя плацяжы і страхоўку. Анастасія Сарокіна кажа, што рашэнне Мінспорту не стала для яе нечаканасцю — размовы пра адмену спаборніцтваў ішлі на працягу года:
— Магчыма, гэта звязана з пандэміяй, што несумненна адбілася на эканоміцы. На працягу года абмяркоўвалася скарачэнне аб'ёму мерапрыемстваў. Мы ж дамаўляліся і на алімпіяду, і на кубкі свету. Але канчатковае рашэнне — адмена ўсіх мерапрыемстваў.
Пра тое, што Мінск прыме Сусветную шахматную алімпіяду ў 2022 годзе, стала вядома ў кастрычніку 2018 года. Беларусь спаборнічала за права правядзення першынства з Тунісам і Паўднёвай Карэяй. Заяўку на правядзенне міжнароднага шахматнага турніру абаранялі кіраўнік Мінспорту Сяргей Кавальчук і старшыня Беларускай федэрацыі шахмат Анастасія Сарокіна.
— Была праведзена велізарная праца, каб выйграць гэтую заяўку. Атрымаць такое спаборніцтва — вялікі прэстыж. У алімпіядзе ўдзельнічаюць прадстаўнікі 190 краін свету, — дадае Сарокіна. — Гэта беспрэцэдэнтны выпадак. Ніколі ў гісторыі сусветных шахмат такога не было, каб краіна адмаўлялася ад правядзення форуму.
Дарэчы, старшыня федэрацыі шахмат Анастасія Сарокіна падпісала ліст спартыўнай грамадскасці з патрабаваннем правесці паўторныя выбары прэзідэнта Беларусі і спыніць гвалт з боку сілавікоў. А віцэ-прэзідэнт той жа федэрацыі Мікалай Зарубіцкі — лідар аўтапрабегаў за дзейную ўладу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.