Беларусь у траўні атрымае з Расіі толькі 1,13 мільёна тон нафты
Сёлета ў траўні Беларусь плануе атрымаць з Расіі 1,13 мільёна тон нафты. Такую лічбу назваў прэс-сакратар канцэрна "Белнафтахім" Аляксандр Цішчанка.
"На травень планы паставак з Расіі пацверджаныя на ўзроўні 1,13 мільёна тон нафты. Працягнецца праца і з альтэрнатыўнымі крыніцамі. Аб'ёмы будуць вызначацца зыходзячы з кан'юнктуры ўнутранага і знешняга рынкаў", — перадае БЕЛТА яго словы.
Цішчанка дадаў, што ў красавіку наша краіна, як і планавалася, атрымала каля 2 мільёнаў тон нафты. Па яго словах, 1,56 мільёна тон — гэта расійскія пастаўкі па трубе і чыгункай. А астатняя сыравіна — гэта танкерныя пастаўкі і ўласная здабыча.
"Нафтавая вайна" паміж Беларуссю і Расіяй, якая цягнулася з 1 студзеня, скончылася месяц таму. Ужо ў красавіку буйныя расійскія кампаніі аднавілі пастаўкі нафты ў Беларусь. Акрамя іх у красавіку Мазырскі НПЗ атрымаў праз Украіны партыю азербайджанскай нафты, а "Нафтан" — партыю нарвежскай нафты праз Клайпедскі порт. У абодвух выпадках танкеры прывезлі па 85 тысяч тон нафты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.