Беларус, якога судзяць у Польшчы за шпіянаж, сам пагадзіўся адбыць пакаранне

Суд у Любліне за шпіянаж на карысць Расіі, снежань 2023 года

Суд у Любліне за шпіянаж на карысць Расіі, снежань 2023 года / svaboda.org

На добраахвотнае адбыццё пакарання пагадзіўся беларус Уладзіслаў П., якога судзяць у Польшчы за шпіянаж на карысць Расіі. Наш суайчыннік можа правесці ў польскай турме два гады і дзесяць месяцаў, піша MOST.

У Польшчы абвінавачаны ў крымінальным працэсе можа падаць заяву пра добраахвотнае адбыццё пакарання, калі віна і абставіны злачынства не выклікаюць сумневаў. Такая заява скарачае судовы працэс і часта прыводзіць да больш мяккага пакарання.

На чарговым пасяджэнні акруговага суда ў Любліне 13 верасня Уладзіслаў П. заявіў пра сваю згоду на добраахвотнае адбыццё пакарання — 2 гады і 10 месяцаў. Таксама ён пагадзіўся заплаціць дзесяць тысяч злотых (8200 беларускіх рублёў) штрафу, пяць тысяч злотых (4100 рублёў) у Фонд дапамогі пацярпелым і аддаць у даход дзяржавы 8200 злотых (6700 рублёў), якія атрымаў ад расійскай разведкі.

Пракурор і суд пагадзіліся на такое пакаранне. Канчатковае абвяшчэнне прысуду адклалі і з-пад варты беларуса не выпусцілі. Суд вырашыў, што беларус можа пакінуць краіну, бо не мае пастаяннага месца жыхарства ў Польшчы.

Уладзіслаў П. уваходзіў у групу, якая збірала звесткі пра транспартную інфраструктуру Польшчы. У тым ліку ўдзельнікаў групы цікавіла інфармацыя пра структуры, праз якія ішлі пастаўкі ваеннай і гуманітарнай дапамогі Украіне.

Куратарм групы, як мяркуецца быў афіцэр расійскіх спецслужбаў, з якімі яны звязваліся праз Тэлеграм. У месенджары ён назваўся Андрыем, Анджэем, а таксама Габрыэлем К. План-максімум палягаў у адпраўцы пад адхон цягніка з вайсковым транспартам для Украіны. За гэта ўдзельнікам абяцалі заплаціць дзесяць тысяч долараў.

Але былі і больш дробныя заданні. Сцвярджаецца, што ўдзельнікі групы паставілі на чыгуначных шляхах не менш за шэсць камер відэаназірання, а ў цягніках — GPS-перадатчыкі. За кожную ўсталяваную камеру выканаўцам плацілі 300-400 долараў.

Таксама яны малявалі графіці, расклейвалі стыкеры і ўлёткі з антынатаўскімі і антыўкраінскімі лозунгамі. За кожную ўлётку выканаўцу плацілі пяць долараў.

Іншыя ўдзельнікі групы, якія пагадзіліся раней на добраахвотнае адбыццё пакарання, атрымалі тэрміны ад аднаго года і аднаго месяца да шасці гадоў пазбаўлення волі. Таксама ім былі прызначаныя штрафы і канфіскацыя сродкаў, атрыманых у выніку злачыннай дзейнасці.

Разам з Уладзіславам П. судзяць ўкраінца Максіма Л. Ён добраахвотна пагадзіўся адбыць шэсць гадоў зняволення. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі