Беларус з Нацбанка Украіны: Давялося адмовіцца ад грамадзянства Беларусі

Цалкам размову з Дзмітрыем Салагубам можна паслухаць:

Даведка Еўрарадыё: Дзмітрый Салагуб — беларус, эканаміст, у 2000 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, да 2007 года — эканаміст-даследчык у прадстаўніцтве МВФ ва Украіне, 17 сакавіка 2015 года прызначаны выканаўцам абавязкаў намесніка старшыні Нацыянальнага банка Украіны.

Еўрарадыё: Скончыўшы БДУ, вы працягнулі навучанне ў магістратуры ўкраінскага Нацыянальнага ўніверсітэта “Кіева-Магілянская акадэмія” — ужо тады планавалі будаваць кар’еру ў іншай краіне ці планы на вяртанне ў Беларусь былі?

Дзмітрый Салагуб: Моцна пра гэта не задумваўся: была задача атрымаць якасную адукацыю, а потым ужо глядзець, дзе гэтую адукацыю прымяніць. Магістарская праграма ў Кіева-Магілянскай акадэміі была разлічаная і на грамадзян Беларусі. Беларусы там вучыліся і да мяне, і пасля. І па-рознаму людзі пасля гэтага абіралі сабе кар’еру: некалькі чалавек, як і я, засталіся ва Украіне, некалькі вярнулася ў Беларусь, хтосьці працуе ў Расіі, ЗША ды іншых краінах. Я разглядаў розныя прапановы… Зрабіў выбар на карысць Інстытута эканамічных даследаванняў і палітычных кансультацыяў Украіны, потым перайшоў у МВФ. Шмат у чым гэта справа выпадку і непрадказальнасці, але так атрымалася.

Еўрарадыё: Няўжо ў такой сітуацыі думак, што “там жа застаюцца бацькі, сваякі, радзіма”, не ўзнікала?

Дзмітрый Салагуб: Па шчырасці, я на самай справе больш думаў пра кар’еру. Сапраўды, мае бацькі жывуць у Беларусі, але ўлічваючы, што Кіеў ад Мінска недалёка, гэта таксама было фактарам на карысць менавіта такога прыняцця рашэння, бо тут мне нішто не перашкаджала дастаткова частка бываць у Мінску.

Еўрарадыё: Працавалі сабе ў замежным камерцыйным банку “Райфайзен Банк Аваль” і раптам — Нацбанк. Прапанова была нечаканай?

Дзмітрый Салагуб: Нельга сказаць, што гэта такая ўжо рэзкая і нечаканая змена дзейнасці. Падчас працы ў МВФ я даволі часта перасякаўся з Нацбанкам Украіны, седзячы на іншым баку стала. Што да працы ў камерцыйным банку, то я ж там займаўся не звычайнай дзейнасцю камерцыйнага банкіра па выдачы крэдытаў, зборам дэпазітаў і аналізу рызыкі, а макраэканамічным аналізам, стратэгіяй развіцця банка. Шмат у чым і там супрацоўнічаў з тым жа Нацбанкам, з міжнароднымі арганізацыямі па пытаннях, звязаных з эканамічнай палітыкай, так што…

Еўрарадыё: Але ж заробак дзяржслужбоўца вельмі адрозніваецца ў горшы бок ад супрацоўніка камерцыйнага банка — чаму пайшлі на гэты крок?

Дзмітрый Салагуб: Шмат людзей з камерцыйных структур, юрыдычных кантор, замежнікаў, што жывуць ва Украіне, і ўкраінцаў, што дзеля гэтага вяртаюцца з-за мяжы, прыйшлі апошнім часам на працу не толькі ў Нацбанк, але і ў іншыя міністэрствы. Матывацыя ў людзей не грашовая. Часткова матывацыя кар’ерная: я, да прыкладу, працаваў у няўрадавым аналітычным цэнтры, потым — у міжнароднай арганізацыі, а пасля — у прыватным сектары. Для поўнага рэзюме не хапала дзяржаўнай арганізацыі. Тым больш з такой амбіцыйнай задачай, якая цяпер стаіць перад Нацбанкам у сферы манетарнай палітыкі. Зразумела, што калі даводзіцца абіраць паміж кар’ерным пытаннем і грашовым, гэта залежыць ад таго, на якім этапе кар’еры вы знаходзіцеся. Мая кар’ера найвышэйшага пункту яшчэ не дасягнула, і мне ёсць сэнс укладацца ў будучы прыбытак за кошт пэўных фінансавых страт сёння. Да ўсяго, я тут жыву ўжо шмат гадоў, назіраў, як развіваецца сітуацыя ў эканоміцы Украіны, у банкаўскім сектары, у манетарнай  палітыцы. І шмат гадоў пісаў пра тое, як правільна трэба рабіць. Цяпер у мяне ёсць унікальны шанс гэта зрабіць. Варта ж паспрабаваць!

Еўрарадыё: Пры ўмове, што дадуць магчымасць рэалізаваць свае напрацоўкі…

Дзмітрый Салагуб: Так, гэта таксама пытанне. Але ж пад ляжачы камень вада не цячэ!

Еўрарадыё: А што будзе з вашым беларускім грамадзянствам? Замежнікам сябе не адчуваеце?

Дзмітрый Салагуб: Па спрошчанай працэдуры я атрымаў украінскае грамадзянстве, а ад беларускага давялося адмовіцца — падвойнае грамадзянства не дазволенае ў адпаведнасці з дамовай паміж нашымі краінамі. Што да замежніка: я ж тут жыву ўжо звыш 10 гадоў! Жонка ў мяне кіяўлянка, дзеці нарадзіліся тут, і ў маім выпадку працэс змены грамадзянства не выглядаў нечым ужо зусім незвычайным.

Еўрарадыё: Не адчуваеце сябе камікадзэ? Пойдзе ўсё не так, як хацелася, і праца ў Нацбанку стане “чорнай меткай” у вашым рэзюме…

Дзмітрый Салагуб: Гэта з той серыі, што нельга ўсяго ведаць наперад. Сапраўды, далёка не ўсе з тых, каму прапаноўвалі ісці ў дзяржарганізацыі, на гэта пагадзіліся. Частка зрабіла па прынцыпе “я не гатовы, я баюся, можа, сапраўды крыху перачакаць”. Кожны робіць свой выбар, і рызыка тут сапраўды ёсць. Але кар’ера — гэта заўжды рызыка, калі даводзіцца прымаць нейкія рашэнні. Але я жыву па прынцыпе “калі баяцца нешта рабіць, то яно ў выніку і не атрымаецца”.

Еўрарадыё: Якая самая балючая праблема перад вамі паўстае на новай пасадзе?

Дзмітрый Салагуб: Цяпер у нас дастаткова сур’ёзны крызіс, звязаны з дэвальвацыяй нацыянальнай валюты і гэтак далей. Таму найперш перад намі стаіць задача стабілізаваць сітуацыю. Праўда, задача нашага падраздзялення манетарнай палітыкі і аналізу больш стратэгічная, накіраваная на тое, каб выбудаваць правільную сістэму манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу. Бо на жаль, і для нас, і для Беларусі, і для Расіі заўжды была праблемай “фетышызацыя абменнага курсу”. Калі самае галоўнае, што можа быць у жыцці, — гэта долар. Але калі мы паглядзім на нашых суседзяў — Польшчу, Румынію, то там ад гэтага даўно адышлі. Паводле макраэканамічнай навукі, два галоўныя паказчыкі — інфляцыя і беспрацоўе ці інфляцыя і тэмпы эканамічнага росту. Абменны курс — гэта хутчэй пераменная ад гэтых паказчыкаў. І нашая стратэгічная задача — у выбудоўванні такой сістэмы, пры якой паказчык інфляцыі будзе вызначальным якарам манетарнай палітыкі. Бо фіксаваны курс дае фальшывую стабільнасць. І Украіна, і Беларусь на гэтым ужо некалькі разоў апякліся. Выбудоўвалі сістэмы, што грунтуюцца на фіксаваным курсе, — здаецца ўсе задаволеныя, курс не змяняецца, але ў эканоміцы назапашваюцца дысбалансы, і калі здараюцца крызісы, то абменны курс “пераскоквае”. Як гэта было ў Беларусі ў 2011 годзе. А калі курс “плаваючы”, то ён дазваляе гэтыя шокі больш-менш згладжваць.

Што цікава, пытанне манетарнай палітыкі — гэта пытанне не толькі Нацбанка, і яно патрабуе кардынальнай перабудовы ўсёй эканамічнай палітыкі ў краіне. Калі ў вас рынак манапалізаваны і ёсць 10-15 кампаній, якія ўстанаўліваюць цэны на той ці іншы тавар, то інфляцыя будзе залежаць ад гэтага, а не ад манетарнай палітыкі. Тое ж тычыцца і бізнес-клімату ў краіне, і фіскальнай палітыкі: калі ўрад актыўна павялічвае расходы бюджэту, то Нацбанк не зможа трымаць інфляцыю ў патрэбным дыяпазоне. Таму перад намі стаіць амбіцыйная задача дастаткова сур’ёзна перабудаваць усе эканамічныя працэсы.

Еўрарадыё: Вы, як і беларускія чыноўнікі, кажаце пра неабходнасць “дэдаларызацыі”, пра падвышэнне даверу да нацыянальнай валюты. Але як гэтага дамагчыся пры пастаяннай інфляцыі і дэвальвацыі?

Дзмітрый Салагуб: Працэс гэты, канечне, доўгі: рабіць дэдаларызацыю, адвязку ад абменнага курса ў той час, калі ўсе думаюць пра інфляцыю, нельга. Сітуацыя ў Расіі — добры таму прыклад. Яны гэтую палітку па адвязцы ад абменнага курса пачалі праводзіць яшчэ з 2004 года, і нават калі Расія прайшла ў 2008 годзе праз сур’ёзны крызіс з падзеннем ВУП на 8%, то мы не бачылі вялікага ціску на абменны курс. Таму што “сістэма чаканняў” была дастаткова стабілізаванай. Але калі летась сітуацыя ў Расіі рэзка пагоршылася на падставе структурных фактараў, не буду нават палітычныя фактары браць, то гэта адразу паўплывала на чаканні насельніцтва. Яшчэ вельмі важнае пытанне даверу да органаў дзяржаўнай улады, якія прымаюць рашэнні, і тут вялікая розніца паміж Беларуссю і Украінай.

Еўрарадыё: На чыю карысць?

Дзмітрый Салагуб: З улікам працэсаў, якія апошнім часам адбываюцца ва Украіне, асаблівага даверу да ўлады няма. У Беларусі сістэма ўлады цэнтрычная, пабудаваная вакол аднаго цэнтра. Там, зразумела, мы таксама можам прыгадаць розныя эпізоды, звязаныя з даверам, але ўсё адно ў беларускага кіраўніцтва значна больш магчымасцяў сітуацыю змяніць і таму большы ўзровень даверу. Праўда, калі згадаць той жа 2011 год, то бачна, што нават пры такой цэнтрычнай сістэме ўзровень даверу можа быць высокі.

Еўрарадыё: Асабліва яшчэ і ва ўмовах такой залежнасці ад эканамічнай сітуацыі ў Расіі…

Дзмітрый Салагуб: Безумоўна. Тым не менш рэакцыя беларускага кіраўніцтва на пагаршэнне сітуацыі ў сярэдзіне лютага аказалася дастаткова адэкватнай. Але выкарыстаць яе ва Украіне дастаткова складана: драконаўскія меры па замарожванні цэнаў складана прыняць пры такой эканоміцы, як ва Украіне.

Еўрарадыё: Тым не менш у вас інфляцыя і дэвальвацыя найперш праз вайну, а ў нас вайны няма, але ў гэтых пытаннях Беларусь не моцна ад Украіны адстала…

Дзмітрый Салагуб: Адказ відавочны — ваша эканоміка занадта залежная ад эканомікі Расіі. А што там адбываецца і чаму, вы і без мяне ведаеце.

Еўрарадыё: Можаце сказаць, якім да канца года будзе курс долара адносна ўкраінскай грыўні і адносна беларускага рубля?

Дзмітрый Салагуб: Шмат гадоў займаючыся макраэканамічным аналізам, я зразумеў, што лепш не прагназаваць курс. І асабліва валюты. Калі яшчэ з тэмпамі інфляцыі і з тэмпамі эканамічнага росту можна спрабаваць, то курс нацыянальнай валюты — занадта пераменлівая велічыня.

Еўрарадыё: Нехта з вашых былых аднакурснікаў працуе цяпер у Нацбанку Беларусі?

Дзмітрый Салагуб: Наколькі я ведаю, некалькі чалавек, з якімі я вучыўся, там цяпер працуюць. Але я з імі зносінаў і кантактаў не маю.

Еўрарадыё: Што адкажаце, калі раптам прапануюць перайсці на працу ў Нацбанк Беларусі?

Дзмітрый Салагуб: Ну, у мяне ж ёсць праца! І дастаткова амбіцыйная, мушу сказаць. Як складзецца ў будучыні, сказаць складана, але пакуль усе мае думкі і сілы накіраваныя на працу ва ўкраінскім Нацбанку. 

Фота: www.abcnews.com.uaglavpost.com 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі