Беларус з "Правага сектару": Нас палохаюць, каб не думалі вяртацца на радзіму

Беларус з "Правага сектару": Нас палохаюць, каб не думалі вяртацца на радзіму

Добраахвотнік з пазыўным “Док” каментуе заяву міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча пра збор сілавікамі  матэрыялаў на беларусаў, што ваююць на Данбасе.

Еўрарадыё: Сёння кіраўнік МУС Ігар Шуневіч паведаміў, што яго ведамства збірае матэрыялы па фактах удзелу беларусаў у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны. Наколькі сур’ёзна вы ўспрынялі гэтую заяву міністра?

Док: Калі такую заяву робіць кіраўнік сур’ёзнай структуры, то сумневаў няма — яны могуць такое рэалізаваць. У той жа час, з пункту гледжання міжнародных законаў гэта поўная бязглуздзіца. Асабліва калі яны хочуць прыцягнуць да адказнасці па артыкуле “Наёмніцтва”. Бо наёмнік — гэта, па-першае, чалавек, які як мінімум атрымлівае заробак, а па-другое, заробак большы, чым стандартны прадстаўнік сілавой структуры гэтай краіны. Такія вось агульныя ва ўсім свеце законы, па якіх усіх і прыцягваюць да адказнасці за наёмніцтва.

Беларус з "Правага сектару": Нас палохаюць, каб не думалі вяртацца на радзіму

Еўрарадыё: Тым не менш гэтыя словы беларускага міністра гучаць непрыхаванай пагрозай на адрас беларусаў, што ваююць на Данбасе. Ведаю, што ў вас праблемы з атрыманнем украінскага грамадзянства — улады Украіны лічаць, што вам нічога не пагражае пры вяртанні на радзіму. Гэтая заява дапаможа вырашыць пытанне з атрыманнем грамадзянства?

Док: Наўрад ці. Бо ўкраінскі бок ужо паўтара года абяцае выдаць усім замежным добраахвотнікам пашпарты, але не робіць гэтага. Сёння не тое што грамадзянства — статус уцекача вельмі цяжка атрымаць ва Украіне. Нягледзячы на тое, што Беларусь у свеце дагэтуль прызнаюць дыктатарскай краінай. Таму магу скажаць шчыра: украінскаму боку напляваць на ўсе такога кшталту заявы з Мінска, і яны ніякім чынам не былі пракаментаваныя. Больш за тое, не так даўно Вярхоўная Рада прыняла законапраект, у адпаведнасці з якім замежнікі маюць права служыць ва Узброеных сілах Украіны. А тут мы чуем заявы беларускага міністра пра тое, што яны будуць саджаць усіх, хто ваюе ва Украіне. Здзіўляе пазіцыя ўкраінскага боку, які ніяк гэта не каментуе.

Еўрарадыё: Але ж я чытаў, што не так адно ўкраінскі пашпарт атрымаў беларус, баец батальёна ОУН Парфянкоў — можа, справа зрушылася з месца?

Док: Мы з ім перасякаліся, я яго ведаю, але пакуль я ўкраінскага пашпарту гэтага чалавека не бачыў. Але калі нават адзін замежнік і атрымаў украінскае грамадзянства, гэта не паказчык агульнай сітуацыі. Калі б атрымалі пашпарты хаця б 100 чалавек з афіцыйна заяўленай тысячы, тады можна было б пра нешта размаўляць. А так — ну, атрымаў адзін чалавек за паўгода…

Еўрарадыё: Калі раней, магчыма, нехта з добраахвотнікаў перыядычна і ездзіў на радзіму праведаць сваякоў, то ці дазволяць яны сабе гэта зараз?

Док: Асабіста я не ведаю такіх людзей. Не, тэарэтычна такое магчыма: калі чалавек нідзе не “засвяціўся”… Але праблема ў тым, што звычайна ўсе, хто сапраўды ваяваў, у пэўнай ступені ўжо “засвяціліся”. І яны асцерагаюцца нават думаць пра паездку на радзіму. Увогуле, лічу, што заява гэта скіраваная на тое, каб людзі проста на радзіму не вярталіся.

Еўрарадыё: Шуневіч сцвярджае, што для іх няма розніцы, на чыім баку ваюе беларус — матэрыялы збіраюць на ўсіх без разбору…

Док: Калі глядзець на сітуацыю з пункту гледжання збору інфармацыі, то тут так: яны могуць збіраць яе на ўсіх — каб у патрэбны момант ліквідаваць усіх небяспечных. З іншага боку, яны, канечне, будуць казаць, што для іх розніцы няма, хто на чыім баку ваяваў і што пасадзяць усіх. Але мы дакладна ведаем факты, калі сепаратысты спакойна ездзілі на ратацыю ў Беларусь, адпачывалі там і вярталіся на Данбас ваяваць. Я ўжо не кажу пра шматлікія чуткі, што беларускія сілавікі ездзяць ледзь не ў афіцыйныя камандзіроўкі на Данбас.

Еўрарадыё: Па звестках МУС ва Украіне ваюе каля 100 беларусаў. А вы б якую лічбу назвалі?

Док: Складана падлічыць: шмат хто сябе не афішуе. Асабіста я ведаю каля 50 суайчыннікаў, якія ваююць на баку Украіны. Па маіх прыкідках, найбольш рэальнай падаецца лічба ў 100-150 чалавек. Гэта з нашага боку. А з таго боку, за сепаратыстаў, верагодна, ваюе больш беларусаў. Бо калі мы тут ваюем выключна “за праўду”, то там ёсць не толькі тыя, хто ваюе за ідэю, за “рускі мір”, але і тыя, што ваюе канкрэтна за грошы. Вядома, што ў Беларусі ў апошні час эканамічная сітуацыя пагоршылася, і людзі едуць туды, дзе ім плацяць грошы. І я б, па шчырасці, параіў беларускім уладам найперш звяртаць увагу на людзей, якія едуць ваяваць на баку ўтварэнняў, ва ўсім свеце прызнаных тэрарыстычнымі. Яны з большай верагоднасцю па вяртанні ў Беларусь будуць займацца рабаваннем ды іншымі крымінальнымі рэчамі.

Еўрарадыё: Вашае асабістае меркаванне: зборам інфармацыі на беларусаў МУС пачаў займацца таму, што закон павінен выконвацца, ці яны нейкімі іншымі меркаваннямі кіруюцца?

Док: Гэта банальнае жаданне яшчэ раз запалохаць усіх — каб не ўзнікала нават думкі вярнуцца на радзіму. А таксама гэта жаданне запалохаць тых, хто думаў паехаць ва Украіну, каб пайсці на службу ў яе Узброеныя сілы. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі