Беларусам пачалі прыходзіць жыроўкі па новых тарыфах. Што змянілася
У сярэдзіне сакавіка беларусам пачалі прыходзіць рахункі за камунальныя паслугі, цалкам разлічаныя па новых тарыфах. Жыроўкі за студзень толькі часткова разлічваліся з улікам падаражання, пра якое было абвешчанае перад Новым годам. А вось лютаўскія рахункі выстаўленыя ўжо цалкам па новых тарыфах.
Еўрарадыё параўнала лютаўскую жыроўку за стандартную мінскую аднапакаёўку з жыроўкай за снежань — апошні месяц, разлічаны да павышэння тарыфаў. Па нашых падліках, камуналка вырасла на 3 рублі 6 капеек— гэта 8,5% ад снежаньскага рахунку. Мы зрабілі папраўку на розную колькасць “вады”, пададзенай у снежні і ў лютым.
Параўнаем кошт паслуг, аб’ём якіх не змяняецца. Тэхнічнае абслугоўванне вырасла на 31 капейку (па субсідаваных тарыфах) і на 7 капеек (з поўным пакрыццём “эканамічна абгрунтаваных выдаткаў”), у радку “Капітальны рамонт” зменаў няма, абслугоўванне ліфта падаражэла на 12 капеек, вываз смецця — на 7 капеек, санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў — на 3 капейкі, тэхабслугоўванне дамафона — на 2 капейкі. За электраэнергію на асвятленне пад’ездаў давядзецца заплаціць на 7 капеек больш, затое за электрычнасць на працу ліфта — на 14 капеек менш.
Сумарны рост — 53 капейкі.
У снежні мы спажылі на 0,5 кубаметра халоднай вады больш, чым у лютым, але заплацілі за гэты на 66 капеек менш. Гэта па субсідаваных тарыфах. Тая ж гісторыя і з водаадвядзеннем (каналізацыяй), якое абыйшлося на 45 капеек даражэй. Калі б у лютым мы спажылі столькі ж вады, колькі ў снежні, розніца паміж рахункамі па старым і па новым тарфые склала б 2,12 рубля.
Тарыфы, што забяспечваюць поўнае пакрыццё “эканамічна абгрунтаваных выдаткаў”, таксама выраслі, але не так істотна. Па іх “снежаньская” колькасць вады абышлася б у лютым на 31 капейку даражэй.
Сумарнае падаражанне жыроўкі склала 3 рубля 6 капеек. А гэта, напрыклад, амаль 1% ад сярэдняй пенсіі па ўзросце, якая з 1 студзеня складае 323 рублі.
Дарэчы, з лістапада сярэдняя пенсія знізілася на 29 капеек. А камуналка, наадварот, падрасла.