Беларускамоўную ахоўніцу з "Кастрычніцкай" перавялі ў іншае месца працы
Супрацоўніца службы аховы метро Людміла атрымала вядомасць у сярэдзіне студзеня пасля канфлікту з адным з пасажыраў. Яму не спадабалася тое, што Людміла звярталася да людзей па-беларуску. Абураны пасажыр, які назваўся Антонам Савіцкім і прадставіўся госцем беларускай сталіцы з Расіі, нават пакінуў допіс у кнізе скаргаў, дзе абвінаваціў яе ў навязванні беларускай мовы.
Гісторыя атрымала розгалас у сацсетках, а потым і ў СМІ. Еўрарадыё атрымала копію ліста абуранага беларускай мовай пасажыра, а таксама пагаварыла з ахоўніцай.
Считаю высказывания сотрудницы метро на белорусском языке навязыванием
“Людмила Михайловна сказала, что она свои требования о досмотре вещей будет предъявлять только на белорусском языке. Когда я попросил гражданку Л.М. повторить просьбу на русском языке (в РБ равные права у двух языков), она ответила, что если я в Беларуси, обязан изъясняться на белорусском языке. Запись разговора с Л.М. я производил, о чем ей разъяснил. Считаю её высказывания навязыванием”.
Як стала вядома Еўрарадыё, пасля нечаканай вядомасці Людмілу перавялі на іншы участак, яна больш не працуе ў пераходзе паміж станцыямі метро Кастрычніцкая і Купалаўская. У метрапалітэне патлумачылі, што перавод на іншае месца не звязаны з моўным скандалам. "Яе проста перавялі на іншы ўчастак. У нас іх некалькі па ўсёй лініі. Ад Кастрычніцкай да Малінаўкі. Куды падрабязна, я не магу сказаць. Дадам, што перавод з гэтай гісторыяй не звязаны. Больш за тое, наколькі я ведаю, яна атрымала падтрымку ад кіраўніцтва па выніках працы ў мінулым годзе", ― патлумачылі Еўрарадыё ў прэс-службе метрапалітэна.