Беларускі гурт Port Mone выступіў у Крыме перад украінскімі вайскоўцамі
Лідар каманды распавёў Еўрарадыё пра настрой заблакаваных салдат, блокпасты “самаабароны” і расійскіх “каларадскіх жукоў” са снайперскімі вінтоўкамі.
Мінскае трыа Port Mone выступіла ў адной з украінскіх вайсковых частак, заблакаваных у Крыме расійскімі салдатамі. Фота канцэрта на мысе Фіялент патрапіла ў сацыяльныя сеткі.
Лідар Port Mone Аляксей Варсоба распавёў Еўрарадыё, што выступіць перад вайскоўцамі іх папрасілі сябры. Але ўвогуле, мала якія музыкі вырашаюцца на падобны крок: баяцца.
"Усе напружаныя, але ў той жа час, яны ўсе прынялі нейкае ўнутранае рашэнне і ўсе спакойныя, — апісвае Аляксей Варсоба атмасферу ў частцы. — Усе вельмі прыязныя, спакойныя і тактоўныя. Гэта неверагодна — вайскоўцы, якія праяўляюць проста цуд інтэлігентнасці".
Па словах Аляксея, з харчаваннем у частцы, дзе гралі Port Mone, усё ў парадку: туды прывозяць ваду, ежу і ўсё неабходнае для нармальнага існавання.
На пад'ездзе да часткі стаяць блокпасты "самаабароны".
"Магчыма, таму, што мы беларусы, што мы музыканты, таму яны не асабліва да нас дакалупваліся, — узгадвае Варсоба. — Але відаць, што ў іх цікавасць ёсць. Вось, мы гралі ў частцы, а ў метрах 500 ад нас былі снайперы, хадзілі аўтаматчыкі і быў блокпост — іх тут называюць каларадскімі жукамі".
Перад вайскоўцамі беларускія музыкі сыгралі паўнавартасны сэт.
"Мы афігелі. Таму што мы адыгралі паўнавартасны канцэрт. І афіцэры кажуць: "Дзякуй, мужыкі!". І мы такія: "Дзякуй, мужыкі". Разумееш? Тое, што яны рабілі б аўтаматам, мы рабілі сваімі інструментамі", — кажа Аляксей.
У дадзены момант Port Mone працягваюць выступаць ва Украіне. На днях гурт вернецца ў Мінск.
Фота з сацыяльных сетак