Беларускі праваабаронца ў Жэневе выступіў з заклікам да ААН

Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі 5 сакавіка выступіў у Жэневе на 28-й сесіі Савета па правах чалавека ААН. Як інфармуе БелаПАН, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, старшыня закрытага ўладамі Беларусі праваабарончага цэнтра "Вясна" Бяляцкі зазначыў, што ў шматлікіх краінах праваабаронцам не даюць дзейнічаць.

"Праваабаронцы сутыкаюцца са шматлікімі перашкодамі ў сваёй дзейнасці: пагрозы, напады, жорсткае абыходжанне, забойствы, гвалтоўныя знікненні, незаконнае сачэнне, адвольныя затрыманні, — заявіў Бяляцкі. — Супраць іх скіраваныя законы, якія вызначаюць іх легітымную дзейнасць як антыдзяржаўную і навешваюць на іх зневажальны хлуслівы ярлык замежных агентаў, як гэта робіцца ў Расіі. Ім перакрываюць доступ да фінансавання ці крыміналізуюць легітымную дзейнасць".

Паводле слоў Бяляцкага, "рэпрэсіўныя рэжымы кідаюць за краты мірных актывістаў па розных сфабрыкаваных абвінавачаннях". Ён нагадаў, што Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў яго змяшчэнне пад варту прамым вынікам парушэння яго права на свабоду аб'яднанняў. "Маніпуляцыі з унутраным заканадаўствам краін супраць праваабаронцаў не могуць утаіць ад міжнароднай грамадскасці грубыя парушэнні правоў чалавека", — адзначыў Алесь Бяляцкі.

Праваабаронца падкрэсліў: Савет па правах чалавека ААН павінен абараняць жыццёвую прастору для грамадзянскай супольнасці, выкарыстоўваючы для гэтага ўсе наяўныя ў яго распараджэнні сродкі, аказваць націск на тых, хто злоўжывае ўладай, і заклікаць іх да адказнасці.

Нагадаем, праваабаронца Алесь Бяляцкі правёў больш за тысячу дзён у папраўчай калоніі і выйшаў на волю ў чэрвені 2014 года. Яго судзілі за ўтойванне даходаў, але праваабарончыя арганізацыі перакананыя, што прычынай крымінальнага пераследу стала грамадская дзейнасць Бяляцкага. Таму ён быў прызнаны палітычным зняволеным.

Фота: spring96.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі