Беларускія фехтавальшчыкі вырашылі не ехаць на чэмпіянат свету ў Мілане
Фехтавальшчык / pexels.com, илюстрацыйнае фота
Беларускія фехтавальшчыкі не будуць удзельнічаць у чэмпіянаце свету ў Мілане, хаця некаторыя спартоўцы раней атрымалі допуск да турніру.
Як патлумачыў у каментары sport5.by выканаўца абавязкаў кіраўніка Беларускай федэрацыі фехтавання Віталь Сакалоўскі, "11 вядучых атлетаў у трох відах зброі не маюць допуску да міжнародных стартаў, і ніхто не тлумачыць канкрэтныя прычыны".
"Ехаць другім, трэцім складам на сусветны форум, на самы топавы сусветны старт — гэта проста нелагічна", — кажа спартовы функцыянер.
Як распавядала Еўрарадыё, на турнір у Мілане атрымалі допуск 11 фехтавальшчыкаў з Беларусі і Расіі. Ад іх запатрабавалі выканаць рэкамендацыі Міжнароднага Алімпійскага камітэта і выступаць у нейтральным статусе. Раней спартоўцаў адхілялі ад удзелу ў міжнародных турнірах у сувязі з агрэсіяй Расіі супраць Украіны. Ваенныя дзеянні Расіі падтрымлівае і рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
Сакалоўскі ў такой сітуацыі галоўным турнірам для фехтавальшчыкаў лічыць Адкрыты чэмпіянат Саюзнай дзяржавы.
Пропуск чэмпіянату свету паніжае шанцы беларускіх фехтавальшчыкаў на ўдзел у Алімпійскіх гульнях 2024 года. Па словах Сакалоўскага, для ўдзелу ў Алімпіядзе-2024 ёсць два варыянты адбору — паводле алімпійскага рэйтынгу і праз занальны кваліфікацыйны турнір.
Першы шлях для спартоўцаў Беларусі і Расіі ўжо зачынены, бо яны ў выніку санкцый прапусцілі разнастайныя міжнародныя турніры (напрыклад, індывідуальны чэмпіянат Еўропы, які праходзіў 16-18 чэрвеня ў балгарскім Плоўдзіве).
Таму застаецца толькі занальны турнір. Яго пераможцы ў кожным відзе зброі атрымаюць алімпійскую ліцэнзію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.