Італія дазволіла некаторым беларусам і расіянам выступаць на чэмпіянаце свету па фехтаванні, які ў ліпені пройдзе ў Мілане. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта гэтай краіны Джавані Малага. Паводле яго слоў, "падпісаны ўсе дакументы ў адпаведнасці з рэкамендацыямі МАК, якія дазваляюць расійскім і беларускім спартсменам удзельнічаць у маючых адбыцца спартыўных спаборніцтвах у нейтральнай якасці ў Італіі".
У Італіі з 39 спартсменаў з Беларусі і Расіі праверку прайшлі 11. Іх і дапусцілі да сусветнага першынства.
Не ўсе нацыянальныя федэрацыі згодныя з допускам да міжнародных спаборніцтваў па фехтаванні беларусаў і расіян нават у нейтральным статусе (у сакавіку такое рашэнне прыняла Міжнародная федэрацыя фехтавання, якая кіравалася рэкамендацыямі Міжнароднага алімпійскага камітэта). З-за гэтага ў некалькіх краінах адмянілі турніры.
Спартсмены з Беларусі і Расіі былі адхілены ад міжнародных спаборніцтваў пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны.