Беларускія шпіёны да ўкраінскага ўрада не дабраліся — экс-супрацоўнік СБУ

Шпіён / pixabay.com, ілюстрацыйнае фота
Шпіён / pixabay.com, ілюстрацыйнае фота

Беларускія спецслужбы ва Украіне не здолелі займець сваіх агентаў у вышэйшым палітычным кіраўніцтве — напрыклад, ва ўрадзе. Пра гэта ў каментары DW расказаў вайсковы эксперт Украінскага інстытута будучыні, кансультант камітэта Вярхоўнай рады па пытаннях нацбяспекі і абароны, былы супрацоўнік СБУ Іван Ступак.

"Гэта толькі Расія магла вербаваць у нашых спецслужбах і паліцыі", — кажа ён.

Разам з тым ён прызнае наяўнасць разнастайных агентаў.

Як распавядала Еўрарадыё, на пачатку чэрвеня ў Ровенскай вобласці затрымалі беларуса, абвінаваціўшы яго ў шпіянажы за паўночнай мяжой Украіны. У КДБ Беларусі каментаваць гэтае затрыманне адмовіліся.

На думку Ступака, беларускія спецслужбы вывучаюць памежны ўкраінскі рэгіён "не толькі ў сваіх інтарэсах, а, хутчэй за ўсё, па просьбе "старэйшага брата" — ФСБ". Расследаванне па справе затрыманага беларуса, на яго думку, будзе завершанае цягам года, яму пагражае да 15 гадоў зняволення.

Дарэчы, у красавіку ў Закарпацці былі затрыманыя двое грамадзян Беларусі — муж і жонка, якія жылі ва Украіне з 2013 года. Іх падазраюць у дыскрэдытацыі ўкраінскай арміі і распальванні антысемітызму. Падставай, як вынікае, сталі іх каментары ў сацсетках.

Каментуючы гэты выпадак, экс-супрацоўнік СБУ зазначае: "Асобны від працы — пісаць каментары і разгойдваць грамадства з дапамогай троляў". Так званыя "ботафермы", па яго словах, ва Украіне раскрываюць прыкладна раз у месяц.

Меркаваныя агенты КДБ, заяўляе Ступак, гадамі спакойна жылі ва Украіне, бо былі "закансерваваныя" і не прыцягвалі ўвагі.

Частку агентаў ён характарызуе як "у стылі фастфуд". Гэта людзі, якія выказваюць прарасійскія погляды ва ўкраінскіх пабліках і тэлеграм-каналах. На іх, як правіла, выходзяць расійскія спецслужбы і просяць "пайсці даведацца, дзе блокпост, склад, куды "Леапарды" прыехалі". Такіх добраахвотных агентаў, кажа Ступак, ловяць вельмі хутка, бо ў іх няма падрыхтоўкі. 
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі