Беларусы ў Германіі скралі вінтоўкі і схавалі ў сабачых фекаліях
Беларусы скралі зброю ў Германіі
У Германіі арыштавалі двух грамадзян Беларусі ў сувязі з крадзяжом 40 вінтовак, піша Bild.
Вінтоўкі былі зробленыя ў Кітаі і дастаўленыя ў порт Гамбурга. Кантэйнер са зброяй пагрузілі на таварны цягнік, які мусіў адправіцца ў Баварыю. Аднак у выходныя ён застаўся на чыгунцы ў Машэне — мяркуючы па ўсім, без усялякай аховы.
Зламыснікі выявілі цягнік і скралі 40 вінтовак тыпу М16. Зброю, спакаваную ў скрынкі, яны закапалі ў лесе і замаскавалі гэтае месца сабачымі фекаліямі.
Пасля гэтага зламыснікі пакінулі Германію і выставілі скрадзеную зброю на продаж у даркнэце.
Службовы сабака ўнюхаў пальчаткі, якія злодзеі пакінулі каля месца злачынства, а з дапамогай дрона з паветра ўдалося знайсці і схованку. Следчыя пакінулі яе ў спакоі і пачалі назіранне. Праз два тыдні зламыснікі з'явіліся да схованкі, каб забраць зброю. Там іх і затрымалі. На допыце яны захоўвалі маўчанне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.