Беларусы зрабілі палякаў шчаслівейшымі — #ІхНоравы
#ІхНоравы
Абноўлены рэйтынг самых шчаслівых краін. Беларусі ў ім няма — не таму, што ўсё пякельна дрэнна, а таму, што ў Беларусі нават рэйтынг шчасця вымераць нельга. Самай шчаслівай краінай свету сёмы раз запар зрабілася Фінляндыя.
І... да іншых навін.
Дрэнны радавод
Галоўны фінансавы інстытут Германіі Бундэсбанк знайшоў у сябе... фашысцкія карані. Бундэсбанк замовіў даследаванне пра сябе, і выявілася, што яго папярэднік — Райхсбанк — быў цесна звязаны з нацысцкай партыяй.
Банк дапамагаў фінансаваць вытворчасць узбраенняў. А яшчэ ён вёў улік і апрацоўку актываў на акупаваных нацыстамі тэрыторыях і быў уцягнуты ў канфіскацыю, экспрапрыяцыю і продаж актываў, якія належалі габрэям.
Навошта Бундэсбанк капаўся ў сваёй гісторыі? Каб яе асэнсаваць.
"Ніколі больш меншасці не павінны знішчацца і зазнаваць дзяржаўную тыранію. Ніколі больш нельга дазваляць урадавым органам, такім, як цэнтральны банк, таптаць дэмакратычныя каштоўнасці", — кажа прэзідэнт Бундэсбанка Ёахім Нагель.
Заканчвайце з дыпфэйками
Акуратней там з дыпфэйкамі, а то будзе як з двума італьянцамі, з якіх прэм'ер-міністарка Джорджа Мелоні цяпер патрабуе 100 тыс. долараў.
Двух мужчын — бацьку і сына — абвінавачваюць у стварэнні дыпфэйка з выкарыстаннем вобраза Мелоні. Яе фота ўмантавалі ў парнаграфічнае відэа. Гэта было яшчэ да таго, як Мелані зрабілася прэм'ерам Італіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.