Памылка ў тэксце пра "справу медыкаў": чаму следчыя прыйшлі ў рэдакцыю "Белсата"
Зранку 9 красавіка ў мінскі офіс тэлеканала “Белсат” прыйшлі прадстаўнікі Следчага камітэта з пастановай на вобшук. Тэлефоны мінскіх каардынатараў тэлеканала не адказваюць.
У Следчым камітэце Беларусі распавялі, што вобшук ідзе ў межах раследвання крымінальнай справы па ч. 2 арт. 188 КК (паклёп). Справа ўзбуджаная пракуратурай Мінска за распаўсюд на сайце тэлеканала "выдумак паклёпніцкага характару", паведаміў Еўрарадыё афіцыйны прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч.
У каментарыі Еўрарадыё журналістка Ірына Слаўнікава звязала гэты вобшук з крымінальнай справай супраць журналіста Алеся Залеўскага:
“Супраць Алеся Залеўскага распачатая крымінальная справа. Мы, прынамсі, звязваем вобшук з гэтай справай, бо іншых падстаў як бы і няма. Мы не ведаем, хто выдаў пастанову і па якой справе. Звязваем з справай Андрэя Шведа за паклёп і абразу дзелавой рэпутацыі”.
У пад’езд нікога не пускаюць. На ўваходзе стаіць міліцыянер.
Алесь Залеўскі распавёў Еўрарадыё, што справа Андрэя Шведа здарылася з-за тэхнічнай памылкі: тэкставая версія на сайце тэлеканала не адпавядала відэа. У тэксце паведамлялася, што затрыманы не толькі кіраўнік "Медтэхнацэнтра" Алег Швед, але і яго брат Андрэй, кіраўнік Дзяржкамітэта судовых экспертыз:
“Мы адразу як заўважылі, далі абвяржэнне, выправілі памылку. Але Андрэй Швед напісаў заяву на імя Шуневіча [кураўніка МУС Ігара Шуневіча. — Еўрарадыё]: прыцягнуць мяне да адказнасці па двух крымінальных артыкулах — паклёп і дыскрэдытацыя дзяржаўных органаў”.
Па словах Алеся Залеўскага, пасля гэтага яго пачалі актыўна правяраць. Але ўжо ў лістападзе мінулага года Следчы камітэт пастанавіў, што няма падстаў распачынаць крымінальную справу. Аднак у студзені 2019 года мінскае пракуратура сама распачала крымінальную справу па факце паклёпу.
“Яны вярнулі справу назад у СК, і цяпер ідуць усе працэсуальныя дзеянні нанова. Толькі нас ужо дапытваюць як сведак, а не проста бяруць тлумачэнні. Ужо былі допыты на камеру”.
Крыху пазней кіраўнік "Медтэхнацэнтра" Алег Швед паведаміў TUT.by, што і інфармацыя пра яго затрыманне, распаўсюджаная "Белсатам", не адпавядае рэчаіснасці. Ён таксама звяртаўся ў міліцыю з заявай аб паклёпе, і гэта таксама было ўлетку 2018 года.
"Звяртаўся з заявай, прыкладаў скрыншот відэа, у заяве прасіў правесці праверку па агучанай інфармацыі па паклёпе. Пасля чаго было абвяржэнне, быў нейкі ліст з РУУС, але я не памятаю, што пісалі", — распавёў Алег Швед.
Тэлеканал “Белсат” неаднаразова спрабаваў атрымаць акрэдытацыю ў МЗС Беларусі, але кожны раз атрымліваў адмову. Яго журналісты пастаянна становяцца мішэнямі для праваахоўных органаў. Апошні раз вобшукі ў офісе тэлеканала адбываліся ў канцы сакавіка 2017 года, пасля “Маршаў дармаедаў” і Дня Волі.