Беспарадкі ў Тбілісі: ці здолее алігарх Іванішвілі збіць пратэсты саступкамі?

Беспарадкі ў Тбілісі: ці здолее алігарх Іванішвілі збіць пратэсты саступкамі?

Пакуль Расія ўводзіць санкцыі на грузінскае віно і спрабуе сарваць грузінам турыстычны сезон, у Тбілісі працягваюцца вулічныя акцыі. Мы распыталі рэдактара JAMnews Дзмітрый Аваліяні, калі выдахнуцца пратэсты і чым яны могуць скончыцца. 

Еўрарадыё: Як так атрымалася, што грузінская паліцыя, якая прайшла такія рэформы, пачала страляць у пратэстоўцаў?

Дзмітрый Аваліяні: Гэта вялікі сорам для грузінскай паліцыі. Але трэба заўважыць, што ў пратэстоўцаў страляла не патрульная паліцыя, а спецназ. Ну, мы пабачылі, што у спецназе працуюць людзі, якія ў стане чалавеку стрэліць у твар. Прычым стралялі небяспечнымі, практычна лятальнымі боепрыпасамі, якія ўжываюцца да нейтралізацыі дзікіх буйных жывёл! Адзін з удзельнікаў акцыі зараз у коме. 

Безумоўна, адказнасць за такія загады ляжыць на міністры унутраных спраў. Таму пратэстоўцы і патрабуюць адстаўкі Георгія Гахарыі. І ўвогуле, трэба расследаваць гэты жорсткі акт, адказныя асобы павінныя панесці пакаранне. Пытанне не ў тым, рэфармаваная паліцыя ці не, а ў тым, што расправу ўчыніла абмежаваная група асобаў.  Чый быў загад і якія матывы – мусіць сказаць следства.

Беспарадкі ў Тбілісі: ці здолее алігарх Іванішвілі збіць пратэсты саступкамі?
Дзмітрый Аваліяні / Facebook

Еўрарадыё: Хто ўзначальвае пратэстоўцаў? Гэта апазіцыйны лідар Грыгол Вашадзэ?

Дзмітрый Аваліяні: Не, Вашадзэ ролі лідара не грае, гэты працэс арганізоўваюць не палітычныя партыі, у гэтых пратэстаў няма аднаго канкрэтнага лідара. Усе папярэднія спробы вывесці народ на вуліцы заканчваліся няўдачай, таму што народ не ішоў за палітыкамі. А самыя масавыя акцыі заўсёды былі моладзевымі, яны збіраліся стыхійна, як рэйв-пратэст летась

Еўрарадыё: Адсутнасць яўнага лідара пратэстаў – гэта мінус ці плюс?

Дзмітрый Аваліяні: Я не лічу, што гэта мінус. Наадварот, калі б нейкія палітычная партыя хацела б узначаліць пратэст, то хутчэй за ўсё ён хутка пагас бы. Па-першае, моладзь не паважае партыі, па-другое, улада хутка знайшла б кампрамат на апазіцыйную партыю, і гэта прымусіла б людзей адвярнуцца. Улады заўсёды могуць сказаць нешта накшталт: “Вы ідзеце за Саакашвілі, а той разганяў мітынгі і катаваў людзей”. А калі людзі выходзяць не за кагосьці, а супраць некага, дык тут ім сказаць ужо няма чаго. Але калі пратэстоўцы высунулі патрабаванне прапарцыйных выбараў, то апалітычныя людзі вымушаныя будуць зрабіць свой выбар, і апазіцыйныя сілы ў выніку атрымаюць новых прыхільнікаў. 

Еўрарадыё: Ці атрымаецца ў алігарха Бідзіны Іванішвілі збіць хвалю пратэсту? 

Дзмітрый Аваліяні: Іванішвілі, канешне, спадзяецца, што пасля саступак пратэстоўцы разыйдуцца. Але гэтага не адбудзецца, людзі абураныя. Сёння выйшла з бальніцы 18-гадовая дзяўчына, якая засталася без вока. Такое не хутка забываецца і не даруецца. Такія рэчы немагчыма перакрыць нейкімі выбарамі 2020 года. Не думаю, што людзі хутка разыдуцца.

Беспарадкі ў Тбілісі: ці здолее алігарх Іванішвілі збіць пратэсты саступкамі?
Бідзіна Іванішвілі / Facebook

Еўрарадыё: Грузінскія ўлады пагадзілася змяніць выбарчую сістэму. Але ці не здаецца вам, што ўвядзенне выключна прапарцыйнай сістэмы не выратуе дэмакратыю?

Дзмітрый Аваліяні: Тут трэба казаць пра грузінскі кантэкст. У нас палова парламенту камплектуецца па мажарытарных акругах. Калі краінай кіруе алігарх з вялікімі грашыма, гэта азначае, што мажарытарныя месцы ў парламенце яму гарантаваныя, палова парламента ляжыць у кішэні ў кіруючай партыі. Цяпер прынамсі гэта памяняецца. То бок калі цяпер яны маюць у парламенце 70%, то на наступных выбарах атрымаюць 40%, не больш. Вядома, і па прапарцыйнай сістэме галасы на месцах могуць набывацца, але як паказала практыка, мажарытаршчыкі – гэта мясцовыя феадалы ад улады, якім гарантаваны мандат.

Еўрарадыё: Але Іванішвілі сказаў і пра адмену 5%-га парога. Ці не адкрые гэта парламент для маргінальных ці радыкальных груповак?

Дзмітрый Аваліяні: Справа тут нават не ў радыкальных палітычных сілах, а ў тым, што Іванішвілі пакідае сабе лазейку: ён спадзяецца, што калі ў яго партыі “Грузінская мара” па прапарцыйнай сістэме не будзе большасці, дык ён зможа перакупіць нязначныя палітычныя сілы. Не абавязкова гэта будуць сатэліты “Грузінскай мары”. І тут ужо хто каго перагуляе.

Еўрарадыё: У якой сферы Грузія найбольш патрабуе празрыстасці і рэформ?

Дзмітрый Аваліяні: Безумоўна, суды, пракуратура, паліцыя патрабуюць карэннага рэфармавання, бо гэтыя інстытуты абслугоўваюць аднаго чалавека, а не дзяржаву і народ. На жаль, судовая сістэма не была рэфармаваная і пры Саакашвілі. Суды пры пры Саакашвілі залежылі ад выканаўчай улады, і гэта была адна з асноўных яго памылак. Бо калі б ён зрабіў незалежны суд, яго аднапартыйцы не сядзелі б, а ён сам не бадзяўся б цяпер па іншых краінах. Новая ўлада не стала рэфармаваць суд, а проста падпарадкавала яго сабе.

Еўрарадыё: Як сітуацыя ў краіне адаб'ецца на пазіцыях прэзідэнткі Саломэ Зурабішвілі? Ці захавае яна за сабой прэзідэнцкае крэсла?

Дзмітрый Аваліяні: Ва ўнутранай палітыцы Зурабішвілі настолькі нязначная фігура, што яе меркаваннем ніхто не цікавіцца. Самае камічнае, што ідуць пратэсты, а ніхто не патрабуе адстаўкі таго ж прэм’ера Мамукі Бахтадзэ, пра яго нават і не ўзгадваюць. Безумоўна, Зурабішвілі свой пост захавае, толькі па той прычыне, што ад яе нічога не залежыць. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі