Бізнэсоўца Віталя Арбузава падазраюць у нявыплаце падаткаў, страты — 120 млн
Аднаго з самых буйных бізнэсоўцаў Беларусі Віталя Арбузава падазраюць у нявыплаце падаткаў на суму больш за 100 мільёнаў рублёў. Пра гэта паведамляе прэс-служба Камітэта дзяржаўнага кантроля. Пра тое, што старшыня савета дырэктароў групы кампаній Fenox Global Group затрыманы, стала вядома на наступны дзень, 13 красавіка. Дзейнасць Арбузава ацэньваецца як “маштабная супрацьпраўная”. Па справе ў якасці падазраваных праходзіць 18 чалавек, 12 з іх затрыманыя, інфармуе БЕЛТА.
Вось што паведаміў намеснік дырэктара дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантроля Андрэй Пракапук:
“Ён арганізаваў імпарт у Рэспубліку Беларусь аўтакампанентаў, тавараў медыцынскага прызначэння. У якасці пасярэднікаў выкарыстоўваў падкантрольныя яму прадпрыемствы, зарэгістраваныя ў ЗША, Ганконгу, на Кіпры, у Вялікабрытаніі… Цэны на гэтыя тавары завышаліся ў два-тры разы”.
Гэтыя тавары прадаваліся за наяўныя не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, ва Украіне. Выручка ва ўліку прадпрыемстваў не адлюстроўвалася. Астатняя частка гэтых тавараў прадавалася буйным беларускім і расійскім прадпрыемствам (сярод іх — МАЗ, Мінскі завод калёсных цягачоў, “Пелінг”). Схема дазваляла бізнэсоўцу незаконна невыплочваць падатак на прыбытак і вяртаць з бюджэту падатак на даданую вартасць (незаконна было вернута больш за 20 млн рублёў). Яго прадпрыемствы плацілі ў бюджэт толькі падаходны падатак са сваіх работнікаў, але не ў поўным аб’ёме, паколькі значная частка заробку выплачвалася ў канвертах. Практычна ўвесь прыбытак прадпрыемстваў апынуўся на рахунках падкантрольных кампаній у замежжы.
8 крымінальных спраў распачалі па ч. 1-4 арт. 210 “крадзёж шляхам злоўжывання службовым становішчам”, 11 спраў — па ч. 1 і ч. 2 арт. 243 “ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў”. Праваахоўнікі вывучаюць забраныя бухгалтарскія дакументы, камп’ютарную тэхніку. Імі была знойдзена валюта на суму больш за 115 тысяч долараў. Былі прыпынены аперацыі па разліковых рахунках прадпрыемстваў, якія выкарыстоўваліся для здзяйснення злачынстваў. На рахунках было заблакавана больш за 3,5 млн рублёў. Накладзены арышт на катэджы, кватэры, аўтамабілі падазраваных.