Больш за траціну беларусаў па-ранейшаму падтрымліваюць саюз з Расіяй

Акцыя прарасійскіх сілаў у Менску / Еўрарадыё
Акцыя прарасійскіх сілаў у Менску / Еўрарадыё

За месяц да пачатку ўварвання Расіі ва Украіну 31% беларусаў лічылі, што Беларусі лепш будзе знаходзіцца ў саюзе адначасова і з РФ, і з Еўрасаюзам. З пачатку вайны іх колькасць, па дадзеных апошняга апытання Chatham House, знізілася да 25% у лістападзе. Але гэта не значыць, што ўсе выбралі больш празаходні вектар.
Што паказала апошняе апытанне сацыёлагаў — чытайце на Еўрарадыё.
 

Палова глядзіць расійскае тэлебачанне

53% беларусаў глядзяць расійскае тэлебачанне раз на тыдзень або часцей, пры гэтым 11% — некалькі разоў на дзень. Па гэтых паказчыках росту яно апярэджвае беларускае дзяржаўнае (50% як мінімум раз на тыдзень).

Але глядзяць — не значыць ва ўсім давяраюць. Пра давер да расійскіх тэлеканалаў паведамілі 39% рэспандэнтаў. Беларускаму дзяржаўнаму — 38%. Для параўнання: 33% лічаць, што расійскае ТБ не заслугоўвае даверу (хутчэй або цалкам), 35% — не маюць ніякага даверу да беларускага дзяржаўнага.

Шмат беларусаў спажываюць кантэнт і ад расійскіх дзяржаўных або звязаных з дзяржавай СМІ: RT, ТАСС, "Ленты.ру " і падобных: 44% хоць бы раз на тыдзень, 32% лічаць такія крыніцы вартымі даверу.

Асноўная аўдыторыя беларускіх незалежных СМІ — каля 41% аўдыторыі, крыху больш, чым у расійскіх незалежных ("Медузы", "Новай газеты", "Дажджу") або ў міжнародных (BBC, The Guardian, CNN).

Больше трети белорусов по-прежнему выступают за союз с Россией
Скрыншот прэзентацыі даследавання / Chatham House

Дэмакратаў — крыху больш за палову

Падчас апытання даследаваліся і палітычныя погляды беларусаў. Высветлілася, што "дэмакратамі" сябе могуць назваць каля 57%. "Не" ці "хутчэй не" ў адказ на пытанне аб прыналежнасці да дэмакратычных перакананняў адказалі 24%.

Цікава, што прыхільнікамі рынкавых пераўтварэнняў у эканоміцы сябе называюць таксама 57%, а вось супраць гэтага — 26%.

Тут таксама ёсць карэляцыя: аўдыторыя беларускіх незалежных СМІ часцей лічыць сябе дэмакратамі і падтрымлівае рынкавыя пераўтварэнні, хоць і сярод аўдыторыі дзяржСМІ прыхільнікамі дэмакратычных перакананняў сябе лічаць каля 49%.

За саюз з Расіяй сёння выступаюць 38% беларусаў, за інтэграцыю з Еўрасаюзам — 18%. Яшчэ 25%, як ужо згадвалася, лічаць, што трэба намагацца аб'яднаць абодва вектары, а 18% лічаць, што лепш жыць па-за рамкамі знешнепалітычных саюзаў.

Больше трети белорусов по-прежнему выступают за союз с Россией
Скрыншот прэзентацыі даследавання / Chatham House

"Як і ў 2013 годзе ў матывацыі знешнепалітычнага выбару пераважае эканамічны фактар. Пры гэтым вырасла значэнне бяспекі (часцей актуальная для аўдыторыі дзяржаўных СМІ) і незалежнасці (часцей актуальная для аўдыторыі незалежных СМІ)", — тлумачаць у Chatham House.
 

Што гэта за апытанне?

Chatham House апытваў 858 рэспандэнтаў з 11 па 20 лістапада. Па зразумелых прычынах, апытанне праводзілася ў фармаце інтэрнэт-інтэрв'ю. У цэлым жа выбарка адпавядае структуры гарадскога насельніцтва Беларусі і скарэктаваная па полу, узросце, памеры населеных пунктаў і ўзроўню адукацыі.

"...нягледзячы на тое, што выбарка была ўзважаная, каб дакладна адлюстраваць структуру беларускага грамадства, ёсць верагоднасць, што падтрымка Лукашэнкі і яго палітыкі можа быць трохі вышэйшай, чым адлюстравана ў апытанні, паколькі прыхільнікі Лукашэнкі часцяком менш сацыяльна і эканамічна актыўныя, чым яго праціўнікі. Таксама мы адзначаем ўплыў асцярогі рэспандэнтаў у час праходжання апытання, што таксама можа мець уплыў на вынікі. Мы выкарыстоўвалі CAWI метад, таму што рэпрэсіўнае беларускае заканадаўства і дадатковыя рызыкі для інтэрв'юераў робяць face-to-face інтэрв'ю немагчымымі", — растлумачылі навукоўцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі