“Большасць беларусаў, якія ваююць ва Украіне, хочуць там застацца”
Пра беларусаў на вайне ва Украіне, пра сяброўства былых РНЕшнікаў і антыфашыстаў распавядае святар, нашчадак Напалеона Орды Яўген Орда.
Цалкам размову са святаром Яўгенам Ордам можна паслухаць:
Даведка Еўрарадыё: Яўген Орда — протаіерэй Кацярынінскай царквы ў Чарнігаве, святар Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату, адзін са стваральнікаў арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў “Трызуб імя Сцяпана Бандэры”, валанцёр, франтавы капелан. Нашчадак вядомага беларускага мастака, кампазітара і літаратара Напалеона Орды. Яўгену Орду забаронены ўезд у Беларусь.
Еўрарадыё: Святар і нацыяналістычны рух — як гэта можа спалучацца?
Яўген Орда: Кожны нацыяналістычны рух павінен быць прывязаны да нацыі. А нацыя мусіць быць кроўна злучаная альбо з зямлёй, альбо з духоўнасцю. Святарства, набажэнства прывязвае нацыю да свайго карэння. Такое вось спалучэнне. Спачатку я быў капеланам “Трызуба”, потым — капеланам студэнцкай суполкі, потым — шэрагу розных украінскіх арганізацый. А калі пачалася вайна, то стала зразумела, што арміі патрэбная дапамога простых людзей, і я пачаў збіраць грошы, набываць неабходныя вайскоўцам рэчы, адвозіць іх на фронт.
Вось і заўтра (размова адбывалася 24 лютага, — Еўрарадыё) еду на ўсход з чарговым грузам. Дарэчы, у падраздзяленнях, куды я езджу, шмат і беларусаў, і грузінаў, і азербайджанцаў, і яўрэяў — там не толькі ўкраінцы. Усе, хто як можа, цяпер дапамагаюць фронту. І найбольш дапамагаюць тыя, хто жыве на ўкраінскім Палессі, на памежжы. Прыедзеш у нейкую вёску — і машына за дзве гадзіны набітая і салам, і прадуктамі, і ўсім, чым хочаш! У нас там многа беларусаў, я для іх часам імшы служу па-беларуску — яны вельмі патрыятычныя.
У вас людзі знаходзяцца пад уплывам расійскіх тэлеканалаў, а ў нас беларусы вельмі патрыятычныя. Ды і вашы, калі да нас прыязджаюць, кажуць словы падтрымкі. Гэта дома яны больш маўчаць, а тут кажуць: “Вы малайцы!” Пераважна падтрымліваюць.
Па прыездзе на фронт служу набажэнствы, спавядаю, прычашчаю, малюся з хлопцамі.
У тым жа “Правым сектары” 8 капеланаў. Прычым, там ёсць і каталік, і праваслаўны, і пратэстант. У “Айдары” таксама два пастаянныя капеланы — праваслаўныя з Кіеўскага патрыярхату. У кожным батальёне ёсць свой пастаянны капелан і ёсць такія як я, святары, якія час ад часу, звычайна з валанцёрскай дапамогай, прыязджаюць на фронт і служаць. Так што, капеланаў у войску хапае.
У мяне адзіная зброя — крыж Гасподні. Іншую зброю я ў рукі не бяру, бо гэта грэх. Я проста малюся і дапамагаю хлопцам малітвамі. Разумееце, калі я вазьму ў рукі зброю, то ўжо не буду святаром, мяне проста пазбавяць сану. А я хачу быць святаром да смерці.
Еўрарадыё: Беларусы ва ўкраінскім войску, пра якіх вы казалі, грамадзяне Украіны ці Беларусі?
Яўген Орда: Ёсць і ўкраінскія беларусы, і беларусы, якія прыехалі з Беларусі. Ёсць атрад беларусаў “Пагоня”, але іх чалавек 20 толькі, іх мала ведаюць, і яны ваявалі ў складзе батальёнаў “Данбас” і “Днепр”. Ёсць беларусы ў “Правым сектары” і вельмі шмат беларусаў у іншых атрадах. І тых, хто грамадзянін Украіны, і тых, якія прыехалі з Бельгіі ды іншых еўрапейскіх краін, і тых, якія прыехалі з Беларусі. Праўда, апошнія вельмі баяцца, што за дапамогу Украіне могуць трапіць за краты на радзіме. І таму большасць цяпер хоча атрымаць від на жыхарства ва Украіне. Хоць, кажуць, і мараць вярнуцца ў Беларусь, але ёсць і небяспека зняволення, і, кажуць, тут ім вальней дыхаць, чым на радзіме. Цікава, што за Украіну цяпер ваюе вельмі шмат каўказцаў, але ці не больш за ўсіх — расіян.
Еўрарадыё: Менавіта беларус з батальёна “Азоў” першым з замежнікаў атрымаў грамадзянства Украіны…
Яўген Орда: Так, і менавіта мы ў свой час падаравалі гэтаму беларусу “разгрузку” і “бронік”. Потым я прыязджаў у батальён з адным святаром-беларусам з Амерыкі, і ён падараваў гэтаму беларусу каску і “берцы”.
Еўрарадыё: Толькі той факт, што менавіта Сяргей Кароткіх першым з беларусаў і з рук прэзідэнта Парашэнкі атрымаў украінскі пашпарт, выклікаў шмат незадаволенасці. У свой час у Кароткіх былі вельмі непрыязныя, калі не сказаць больш, адносіны з актывістамі беларускай апазіцыі…
Яўген Орда: Я ведаю гэтую яго гісторыю. Але справа ў тым, што цяпер на фронце шмат украінцаў, якія таксама праз РНЕ прайшлі, іншыя рускія суполкі, а цяпер ваююць за Украіну. Ёсць у нас яшчэ адзін беларус, які быў у РНЕ, але цяпер ён “кібарг”, абараняў аэрапорт “Луганск”, быў 4 месяцы ў акружэнні, выйшаў… Ведаеце, ёсць шмат тых, хто называўся ўкраінцам, але перайшлі на іншы бок і ваююць за “сепараў”, а тыя, хто называў раней сябе “расіянамі”, ваююць за Украіну. А Кароткіх стаў сапраўдным беларусам, і з намі ён гаварыў па-беларуску. Калі мы яму дарылі “разгрузку” і “бронік”, то ён гаварыў з намі вельмі прыгожа па-беларуску. І тое, што ён некалі быў у тых расійскіх суполках, — гэта маладосць. Ён вельмі добры хлопец і выдатны разведчык. Хлопцы з разведкі “Азова” казалі, што ён “безбашанны”, але вельмі любіць Украіну і Беларусь. Ён у разведку хадзіў з бел-чырвона-белым сцягам на плячах і з ім браў “сепараў” у палон.
Еўрарадыё: Непаразуменняў паміж хлопцамі з апазіцыі і былымі РНЕшнікамі не бывае?
Яўген Орда: На фронце такога не можа быць: калі ты некаму ў атрадзе не давяраеш, то пагроза быць забітым значна павялічваецца. Ведаеце, я бачу хлопцаў, якія ў мірным жыцці былі ідэйнымі ворагамі, а гляджу на іх цяпер і здзіўляюся таму, як яны сталі ўкраінцамі і бароняць сваю зямлю. У мірным жыцці ты можаш быць дэмакратам, нацыяналістам ці антыфашыстам, але калі вораг прыходзіць на тваю зямлю, то ты проста павінен яе абараняць. І таму цяпер усе гэтыя антыфашысты, расісты, нацыяналісты пайшлі добраахвотнікамі ваяваць.
Еўрарадыё: Цяжка паверыць, што, пры ўсёй павазе, з украінскага боку ваююць выключна рыцары ў белых даспехах…
Яўген Орда: Вайна — гэта вялікі бруд. Але вайна будуе нацыю. Не мы прыйшлі да расіян, а яны да нас. Нашы хлопцы бароняць сваю зямлю. Не сакрэт, што расійская зброя лепшая за ўкраінскую, у нас не хапае тых жа прыцэлаў, часам хлопцы ваююць чым давядзецца. Але больш шкоды твораць расіяне. Не, і нашы там таксама шкодзяць, бо людзі ёсць розныя, але больш шкодзяць расіяне. Досыць сказаць, што шмат з ежы і адзення, якія мы прывозім на фронт, хлопцы раздаюць мясцовым людзям — там жа ўсё разбітае і проста няма чаго есці.
Еўрарадыё: Кажуць, што вайна хутчэй за ўсё зацягнецца. Ці гатовыя ўкраінцы да вялікай і доўгай вайны?
Яўген Орда: Я ведаю, што нам дапамогуць нашы браты: грузіны, беларусы, азербайджанцы, палякі, літоўцы. Некалі Васіль Быкаў сказаў, што беларусы — гэта нацыя абаронцаў, партызан. Украінцы — таксама нацыя партызан, і яны гэтак жа, як і беларусы, не захопнікі, а абаронцы. Тыя, хто на нашу зямлю прыйшоў, захопнікі, а Бог захопніцкія войны не бласлаўляе. Захопніцтва — гэта злачынства перад Богам і перад людзьмі.
Еўрарадыё: Сілы дае нянавісць да ворага — ці могуць суіснаваць святар і нянавісць?
Яўген Орда: Ворага трэба любіць. Я быў на фронце і бачыў: менавіта тыя, хто любіць ворагаў, даўжэй жывуць на вайне.
Еўрарадыё: Як можна любіць таго, хто прыйшоў захапіць тваю Айчыну, забіць цябе і тваіх родных?!
Яўген Орда: Калі эмоцыі ў табе бяруць верх, ты абавязкова прайграеш. А калі ты будзеш эмоцыі трымаць пад кантролем, то абавязкова пераможаш. Пра гэта вам любы баксёр раскажа.
Еўрарадыё: Ці могуць спыніць вайну перамовы?
Яўген Орда: Не. Былі перамовы і што? Вось, сёння сепаратысты занялі яшчэ дзве ўкраінскія вёскі пад Марыупалем, як толькі мы пачалі адводзіць цяжкую артылерыю ад лініі сутыкнення. Як казаў Бісмарк, дамоўленасці з расіянамі не вартыя той паперы, на якой яны напісаныя. У Мінску падпісалі дамоўленасці, а з таго часу мы ўжо Дэбальцава страцілі, а цяпер яшчэ дзве вёскі. Так яно і будзе далей: як толькі мы адвядзём на 10 кіламетраў нашы гаўбіцы, то яны адразу захопяць гэтыя 10 кіламетраў нашай зямлі.
Фота з архіва Яўгена Орды.